Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/722698_722701/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 23:57
26.08.2014 22:19 Палітыка

Лукашэнка: Усім нам хацелася б канкрэтных дамоўленасцей па Украіне, але ўжо само правядзенне сустрэчы — безумоўны поспех

Мінск, 26 жніўня. "Усім нам хацелася б прарыву і канкрэтных дамоўленасцей па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, але ўжо сам факт цяперашняй сустрэчы — безумоўны поспех" — заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня па выніках пасяджэння ў Мінску прэзідэнтаў краін Мытнага саюза, Украіны і прадстаўнікоў ЕС.
Ён выйшаў да прэсы адзін і патлумачыў, што астатнія ўдзельнікі перамоў упаўнаважылі яго паведаміць журналістам аб выніках сустрэчы, якая доўжылася чатыры гадзіны.

"Перамовы былі няпростымі, але дыялог быў прадметным і шчырым, хаця пазіцыі бакоў адрозніваліся часам кардынальна, — сказаў Лукашэнка. — Але важна, што ўсе ўдзельнікі лічаць, што трэба шукаць кампраміс".

Паводле яго слоў, удзельнікі заявілі аб неабходнасці дээсклацыі канфлікту, вызвалення заложнікаў, вырашэння праблемы бежанцаў і гуманітарных пытанняў. "Важна прадухіліць гуманітарную катастрофу", — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымыя рызыкі для Расіі ў сувязі з падпісаным пагадненнем аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС, а таксама надалі ўвагу "праблемам у энергетычнай сферы як па транзіце, так і пастаўках".

"Упершыню на такім высокім узроўні адбыўся дыялог двух наймацнейшых на еўрапейскім кантыненце аб`яднанняў (МС і ЕС. — БелаПАН. )", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама паведаміў, што сустрэчы кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ будуць праходзіць у Мінску на рэгулярнай аснове. Такая прапанова была ўнесена Пятром Парашэнкам, і з ёй згадзіліся ўсе бакі.

"Усе згадзіліся з прапановай прэзідэнта Украіны аб тым, каб зрабіць Мінск рэгулярнай пляцоўкай для кантактнай групы па Украіне", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Пётр Парашэнка настойваў, каб эксперты сустрэліся ўжо заўтра. Пры гэтым Лукашэнка не стаў удакладняць, ці адбудзецца 27 жніўня сустрэча групы.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН