Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/by_media_summit_v8/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:02
26.08.2014 21:03 Відэа, Улада

Парашэнка: Мэта майго прыезду ў Мінск — спыніць кровапраліцце і пачаць пошук палітычнага кампрамісу

Сукупны ўрон эканоміцы Расіі ад рэалізацыі пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрасаюзам можа скласці больш за 100 млрд. расійскіх рублёў. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы сёння ў Мінску на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны і высокіх прадстаўнікоў ЕС.

"На наш погляд, было б мэтазгодна не толькі захаваць, але і істотна нарасціць узаемадзеянне", — падкрэсліў ён. Разам з тым Пуцін засумняваўся ў магчымасці дабіцца гэтага, калі набудзе моц пагадненне аб асацыяцыі Украіны з ЕС. Расія неаднаразова адзначала, што прыняцце Кіевам усіх патрабаванняў, якія ўтрымліваюцца ў пагадненні, непазбежна адмоўна адаб'ецца на дынаміцы гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў еўразійскім рэгіёне, падкрэсліў Пуцін.

Паводле яго слоў, з-за абнулення Украінай пошлін на імпарт з ЕС адбудзецца значны рост паставак еўрапейскіх тавараў на ўкраінскі рынак — гаворка ідзе аб 98% таварнай наменклатуры.

"Па самых сціплых ацэнках, сукупны ўрон толькі эканоміцы Расіі можа скласці 100 млрд. расійскіх рублёў. Пад ударам апынуцца цэлыя сектары нашай прамысловасці і АПК", — падкрэсліў прэзідэнт Расіі. На яго думку, страты будуць таксама ў Беларусі і Казахстана.

Пуцін таксама лічыць, што "менш канкурэнтаздольная ўкраінская прадукцыя будзе выціскацца на рынак Мытнага саюза, у большай ступені на расійскі рынак". "Нельга скідваць з рахунку таксама рызыку супрацьзаконнага рээкспарту на агульны рынак Мытнага саюза прадукцыі краін ЕС пад выглядам украінскіх тавараў", — сказаў ён. Пры гэтым Пуцін падкрэсліў, што Расія ў гэтай сітуацыі не можа бяздзейнічаць.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прапанаваў кіраўнікам краін Мытнага саюза і прадстаўнікам Еўрасаюза прыняць яго план мірнага ўрэгулявання.

"Тут вырашаецца лёс свету і Еўропы, — заявіў ён. — Мэта майго прыезду ў Мінск — спыніць кровапраліцце і пачаць працэс пошуку палітычнага кампрамісу".

Украінскі лідар перакананы, што яго мірны план ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне застаецца актуальным. Ён звярнуўся да прэзідэнтаў яшчэ раз "паглядзець гэты план і прыняць яго".

Пётр Парашэнка таксама прапанаваў "дамовіцца аб стварэнні маніторынгавай групы, якая будзе маніторыць рэальны, а не гіпатэтычны магчымы ўрон. "І пасля таго як гэты ўрон будзе зафіксаваны, пагаварыць аб механізмах кампенсацыі або абароны", — сказаў ён.

Прэзідэнт Украіны лічыць магчымым пачаць дыялог аб пераходзе да сістэмы ўзаемнага прызнання сертыфікатаў, узаемнага прызнання заключэння лабараторый для вырашэння фітасанітарных праблем.

Паводле слоў Парашэнкі, гандлёвы абарот Украіны з Мытным саюзам упаў на 30%. "Што з'яўляецца нявыгадным як для Украіны, так і для нашых партнёраў з МС, — заявіў ён. — Ні ў якім выпадку нельга дапусціць далейшых пагаршэнняў умоў гандлю".

Прэзідэнт Украіны запрасіў ЕС і Мытны саюз да ўдзелу ў канферэнцыі донараў Украіны восенню 2014 года. "Ужо сёння мы разглядаем варыянты постканфліктнага развіцця рэгіёна (Данбаса), і міжнародная супольнасць заяўляе пра гатоўнасць дапамагчы Украіне ў адпаведных намаганнях. Нашы замежныя партнёры гатовы зрабіць канкрэтныя прапановы падчас міжнароднай донарскай канферэнцыі, якая запланавана на восень гэтага года", — адзначыў Парашэнка.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН