Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/eu_722357_722358/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:30
26.08.2014 09:10 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Саміт у фармаце Мытны саюз — Украіна — ЕС у Мінску

Мінск, 26 жніўня. Асноўнай тэмай сённяшняй сустрэчы лідараў краін Мытнага саюза Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна і Нурсултана Назарбаева з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам і трыма высокапастаўленымі чыноўнікамі ЕС будзе сітуацыя ва Украіне.

Паводле інфармацыі беларускага МЗС, першым на сустрэчу прыбудзе Пётр Парашэнка — самалёт з ім прызямліцца ў нацыянальным аэрапорце Мінск у 11.15. У 11.30 павінны прыляцець вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гюхт. Самалёт з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым прызямліцца ў мінскім аэрапорце ў 12.00. У 13.15 чакаецца прыбыццё еўракамісара па энергетыцы Гюнтара Германа Этынгера. Апошнім, арыенціровачна ў 13.20, прыляціць прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Перамовы пройдуць у Палацы Незалежнасці. Чакаецца, што акрамя непасрэдна саміту адбудзецца шэраг двухбаковых сустрэч, але пра іх пакуль афіцыйна не паведамляецца.

Пётр Парашэнка на мінулым тыдні заявіў, што едзе ў Мінск дамаўляцца пра мір. Паводле слоў украінскага лідара, ён "закліча забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што гэта атрымаецца", — сказаў Парашэнка 21 жніўня падчас рабочай паездкі ў Нікалаеў. А 23 жніўня, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, ён заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас перамоў у Мінску. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны вынік", — сказаў прэзідэнт Украіны.

У сваю чаргу расійскі бок заявіў пра гатоўнасць працаваць у любым фармаце, каб дамагчыся ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. "Мы гатовыя да любога фармату, абы быў вынік, абы пачалі рухацца ад ваеннага супрацьстаяння да грамадзянскага дыялогу, фарміравання нацыянальнага адзінства", — сказаў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў 25 жніўня на брыфінгу ў Маскве.

"Спадзяюся, што нашы заходнія калегі і на мінскай сустрэчы, і падчас магчымых сустрэч у іншых фарматах (няхай гэта будзе нармандскі, няхай гэта будзе жэнеўскі) усё ж будуць на іх прыязджаць не проста з чаканнямі, што мы магічным чынам за іх усё вырашым — так не атрымаецца, а будуць прыязджаць падрыхтаванымі для таго, каб уздзейнічаць на ўкраінскі бок у плане разумення ім адказнасці за сваю краіну і ў плане ўсведамлення таго, што гэта не барацьба за Украіну супраць Расіі, а барацьба за Украіну як за дзяржаву, у якой усім камфортна жыць", — дадаў Лаўроў.

Галоўная інтрыга дня — ці адбудзецца ў межах саміту двухбаковая сустрэча Пуціна з Парашэнкам. Напярэдадні прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што такая сустрэча магчымая. Калі яна адбудзецца, то на ёй плануецца абмеркаваць украінскі крызіс, гуманітарную дапамогу, сітуацыю з бежанцамі з Украіны і двухбаковыя адносіны ў сувязі з падпісаннем дагавора аб асацыяцыі Украіны і ЕС, сказаў прэс-сакратар Пуціна.

Кэтрын Эштан, выступаючы 24 жніўня на Еўрапейскім палітычным форуме ў Альпбаху (Аўстрыя), заявіла, што сустрэча ў Мінску — гэта "магчымасць, якую нельга прапусціць". Яна таксама дадала, што Украіне трэба будаваць добрыя адносіны як з краінамі Еўрасаюза, так і з Расіяй.

Прэс-сакратар Эштан Мая Качыянчыч на брыфінгу ў Бруселі 25 жніўня падкрэсліла: ЕС разглядае перамовы ў Мінску як магчымасць для абмеркавання ўкраінскага крызісу. Што да самой Беларусі, дадала яна, то пазіцыя ЕС у дачыненні да афіцыйнага Мінска вельмі ясная. "Я маю на ўвазе пазіцыю адносна палітзняволеных", — растлумачыла прэс-сакратар кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі.

Асвятляць сённяшні саміт будуць больш за 300 журналістаў, прадстаўнікоў СМІ краін, якія ўдзельнічаюць у перамовах, а таксама Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Фінляндыі, Чэхіі, Японіі, Кітая і іншых. З іх толькі палова ўключаная ў гэтак званы вузкі пул, які будзе дапушчаны непасрэдна ў Палац Незалежнасці. Астатнія журналісты будуць знаходзіцца ў размешчаным побач прэс-цэнтры, куды плануецца весці трансляцыю перамоў. Пакуль невядома, ці будуць удзельнікі сустрэчы мець зносіны з журналістамі і калі будуць, то ў якім фармаце.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН