У Мінск прыбыла кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан
Мінск, 26 жніўня. У Мінск для ўдзелу ў саміце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз прыбыла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гюхт і прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель.
У нацыянальным аэрапорце Мінск іх сустракалі кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Еўрасаюза Майра Мора і намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.
Яшчэ адзін удзельнік сённяшніх перамоў — еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Герман Этынгер — павінен прыляцець у 13.15.
З аэрапорта Кэтрын Эштон і Карэл дэ Гюхт адправяцца ў пасольства Украіны ў Мінску, дзе правядуць двухбаковую сустрэчу з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам, паведаміў БелаПАН пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль.
24 жніўня Эштан, выступаючы на Еўрапейскім палітычным форуме ў аўстрыйскім Альпбаху, заявіла, што сустрэча ў Мінску — гэта "магчымасць, якую нельга выпусціць". Паводле яе меркавання, Украіне неабходна будаваць добрыя адносіны як з краінамі Еўрасаюза, так і з Расіяй. "Гэта ваша краіна, і вы прымаеце рашэнні, выбіраеце сваю будучыню. Вы абралі свайго прэзідэнта і шлях, па якім ісці наперад. Вам патрэбныя добрыя адносіны з еўрапейскімі суседзямі і з Расіяй", — заявіла кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.
25 жніўня на брыфінгу ў Бруселі прэс-сакратар Эштан Мая Качыянчыч падкрэсліла: ЕС разглядае перамовы ў Мінску як магчымасць для абмеркавання ўкраінскага крызісу. Што да самой Беларусі, то пазіцыя ЕС у дачыненні да афіцыйнага Мінска вельмі ясная. "Я маю на ўвазе пазіцыю адносна палітзняволеных", — растлумачыла прэс-сакратар Эштан.