Лукашэнка не чакае ад мінскай сустрэчы "каласальнага прарыву ў пытанні ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны"
Мінск, 26 жніўня. Аляксандр Лукашэнка не чакае ад мінскай сустрэчы "каласальнага прарыву ў пытанні ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны". Аб гэтым ён заявіў 26 жніўня на двухбаковай сустрэчы з вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан перад пачаткам саміта ў фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз.
"Нам цяжка ставіць нейкія грандыёзныя мэты, якіх мы павінны дасягнуць тут у Мінску, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Хутчэй за ўсё, каласальнага прарыву цяжка чакаць, але канцэптуальна мы павінны вызначыцца, каб хоць бы пачаць рух да міру. Ніхто з кіраўнікоў дзяржаў, вы не будзеце супраць таго, каб распачаты сёння дыялог быў працягнуты да поўнага ўрэгулявання сітуацыі".
"Трэба гэты канфлікт, які сёння разгарэўся ў цэнтры Еўропы, любымі спосабамі прыгасіць", — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён расказаў, што толькі што сустракаўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, а яшчэ раней абмяркоўваў гэту тэму з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Ва ўсіх ёсць жаданне гэта скончыць, нікому не патрэбна гэта братазабойчая вайна. Патрэбен мір. Не будзе міру — не будзе і эканомікі. Не будзе потым гутаркі паміж Украінай і Еўрасаюзам, Мытным саюзам аб урэгуляванні нейкіх эканамічных праблем. Патрэбен мір. Гэта самае галоўнае", — адзначыў Лукашэнка.
"Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб выканаць усе дасягнутыя тут дамоўленасці і каб стварыць у Мінску пляцоўку для перамоўнага працэсу", — запэўніў Лукашэнка вярхоўнага прадстаўніка ЕС.
Са свайго боку Кэтрын Эштан адзначыла важную ролю Беларусі ў правядзенні сустрэчы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, паведамляе БелТА.