Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/27/722738_722739/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:38
27.08.2014 10:24 Палітыка

Пуцін: Расія не можа гаварыць пра ўмовы спынення агню ва Украіне, паколькі гэта ўнутраная справа самой Украіны

Мінск, 27 жніўня. Уладзімір Пуцін прадметна не абмяркоўваў на двухбаковай сустрэчы з Пятром Парашэнкам умовы спынення агню ва Украіне, паколькі гэта ўнутраная справа самой Украіны. Пра гэта кіраўнік расійскай дзяржавы заявіў 27 жніўня журналістам па выніках сустрэч на вышэйшым узроўні ў Мінску.

"Мы, Расія, не можам гаварыць пра нейкія ўмовы спынення агню, пра магчымыя дамоўленасці паміж Кіевам, Данецкам, Луганскам. Гэта не наша справа. Гэта ўнутраная справа самой Украіны. Мы можам толькі спрыяць таму, каб стварыць становішча даверу падчас гэтага магчымага і, на мой погляд, вельмі неабходнага перамоўнага працэсу. Вось мы пра гэта гаварыліі: дзе гэта магчыма, што Расія магла б зрабіць для таго, каб забяспечыць гэты працэс. А нейкіх умоў мы не выстаўлялі і не можам гэтага рабіць, я лічу, не маем на гэта ніякага права", — прыводзіць словы Пуціна беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА.

"Мы выказвалі заклапочанасць з нагоды гуманітарнага складніка", — адзначыў прэзідэнт Расіі.

Паводле слоў Пуціна, Парашэнка не адмаўляе складанай гуманітарнай сітуацыі. "Яна не можа быць ахарактарызаваная інакш як катастрафічная", — сказаў расійскі кіраўнік.

Пуцін адзначыў, што гаворка ішла таксама пра магчымасць і неабходнасць аказання гуманітарнай дапамогі і Данецку, і Луганску. Паводле яго слоў, бакі дамовіліся аб тым, як будуць узаемадзейнічаць у гэтым кірунку.

"Гаварылі пра ўзаемадзеянне ў будучыні ў розных сектарах, — сказаў кіраўнік расійскай дзяржавы. — У нас газавае пытанне ў тупіку. Гэта ж настолькі сур'ёзна і для нас, і для Украіны, і для нашых еўрапейскіх партнёраў". "Сакрэт невялікі. "Газпром" праплаціў аванс за транзіт нашага газу ў Еўропу. НАК Украіны гэты аванс вярнуў. Практычна апынуўся падвешаным транзіт нашага газу еўрапейскім спажыўцам. Што далей вось з гэтым будзе? Гэта пытанне, якое чакае свайго стараннага даследніка ў асобе нашых партнёраў — і еўрапейскіх, і ўкраінскіх", — сказаў Пуцін.

Таксама Уладзімір Пуцін нагадаў, што сёння была дасягнута дамоўленасць пра аднаўленне працы кантактнай групы Расія — АБСЕ — Украіна.

Кажучы пра вынікі сустрэчы прэзідэнтаў краін мытнай "тройкі", Украіны і высокіх прадстаўнікоў ЕС, Уладзімір Пуцін адзначыў: "У цэлым я ацэньваю гэта пазітыўна. Думаю, што гэта сустрэча ў такім фармаце была карыснай. Праўда, не ведаю, чым гэта скончыцца. Але ва ўсякім разе ў нас была магчымасць яшчэ раз сфармуляваць нашы заклапочанасці". Ён дадаў, што была дасягнута дамоўленасць аб інтэнсіфікацыі дзейнасці рабочай групы, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Расіі, Украіны і Еўрасаюза.

Расійскі прэзідэнт нагадаў, што да 12 верасня плануецца сфармуляваць прапановы, якія датычацца заклапочанасці Расіі і Мытнага саюза адносна дагавора аб асацыяцыі з ЕС, які падпісаны ўкраінскім бокам. Пуцін падкрэсліў, што ўвядзенне Украінай тэхрэгламентаў ЕС будзе азначаць, што Расія не зможа пастаўляць у гэту краіну практычна ўсе свае тавары. Тое ж самае адбудзецца і з украінскімі таварамі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН