Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/27/722782_722788/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 01:48
27.08.2014 11:12 Палітыка

Кантактная група па Украіне павінна аднавіць працу бліжэйшымі днямі

Мінск, 27 жніўня. Трохбаковая кантактная група па Украіне павінна аднавіць сваю працу бліжэйшымі днямі. Аб гэтым заявіў сёння ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы дасягнутыя напярэдадні ў Мінску дамоўленасці Уладзіміра Пуціна з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Як паведамляе ІТАР-ТАСС, Пяскоў адзначыў, што склад трохбаковай кантактнай групы на перамовах у Мінску асобна не абмяркоўваўся і, відавочна, застанецца ранейшым. Не абмяркоўваліся на ўчарашнім саміце ў Мінску і часавыя паказчыкі працы групы.

Напярэдадні Пуцін паведаміў, што на сустрэчы з Парашэнкам дасягнута дамоўленасць аб аднаўленні працы ў такім фармаце. "Кантактная група павінна як мага хутчэй аднавіць сваю працу", — сказаў прэзідэнт РФ. Пуцін запэўніў, што Масква будзе рабіць усё для гэтага. "Гэты працэс трэба пачаць як мага хутчэй", — падкрэсліў ён.

Аб тым, што ўдзельнікі саміта Мытны саюз — Украіна — ЕС дамовіліся зрабіць Мінск перамоўнай пляцоўкай для кантактнай групы па Украіне, паведаміў 26 жніўня і Аляксандр Лукашэнка.

Ініцыятыва аб працы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў рамках кантактнай групы была з'явілася яшчэ ў лютым гэтага года, яе першае пасяджэнне адбылося ў Кіеве ў пачатку чэрвеня.

Другое пасяджэнне кантактнай групы адбылося 31 ліпеня ў Мінску. У ім узялі ўдзел экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.

Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ адбылося 11 жніўня, на ім абмяркоўваліся лагістычныя аспекты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН