Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/27/722916_722918/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:38
27.08.2014 17:43 Палітыка

Кіраўнік МЗС РФ Лаўроў: Мінск з'яўляецца аптымальным месцам для сустрэч кантактнай групы па Украіне

Мінск, 27 жніўня. Мінск з'яўляецца аптымальным месцам для сустрэч кантактнай групы па Украіне, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў, выступаючы 27 жніўня на форуме "Селігер-2014".

"Мы дамовіліся аднавіць працу кантактнай групы, якая сустракалася некалькі разоў з удзелам прадстаўнікоў Расіі, украінскага кіраўніцтва, АБСЕ, прадстаўнікоў Луганска і Данецка", — цытуе Лаўрова РИА Новости.

Паводле яго слоў, ёсць "разуменне, што гэты механізм у якасці першага кроку павінен быць больш актыўна задзейнічаны, і адпаведны заклік быў учора ў Мінску зроблены". "Нашы беларускія сябры прапанавалі сваю сталіцу ў якасці пастаянна дзейнай пляцоўкі для такіх кантактаў, напэўна, з улікам таго, што ў Луганскай і Данецкай абласцях працягваюцца кровапралітныя боесутыкненні, а ў Кіеў апалчэнцам ехаць таксама не варта, іх там многія хацелі б арыштаваць. Мінск з'яўляецца аптымальным месцам, дзе такія сустрэчы могуць праводзіцца", — адзначыў Лаўроў.

Нагадаем, 26 жніўня ў Мінску на сустрэчы ў фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз была дасягнутая дамоўленасць аб аднаўленні працы кантактнай групы. 27 жніўня прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў паведаміў журналістам у Маскве, што трохбаковая кантактная група па Украіне павінна аднавіць сваю працу найбліжэйшымі днямі.

Ініцыятыва аб працы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў межах кантактнай групы была вылучаная яшчэ ў лютым гэтага года, яе першае пасяджэнне адбылося ў Кіеве ў пачатку чэрвеня. Другое пасяджэнне кантактнай групы прайшло 31 ліпеня ў Мінску. У ім удзельнічалі экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай група ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ адбылося 11 жніўня, на ім абмяркоўваліся лагістычныя аспекты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН