Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/27/eu_eu_722824_722841/
Дата раздрукоўкі: 11.11.2019 23:10
27.08.2014 14:33 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Назарбаеў: Магчыма, наступная сустрэча ў фармаце МС — Украіна — ЕС пройдзе ў Казахстане

Мінск, 27 жніўня. Магчыма, наступная сустрэча ў фармаце Мытны саюз — Украіна — ЕС пройдзе ў Казахстане, заявіў 27 жніўня на брыфінгу ў Астане прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў па выніках сустрэчы ў Мінску, паведамляе агенцтва Казинформ.

Назарбаеў звярнуў увагу на важнасць дамоўленасці аб працягу падобных сустрэч і паэтапнага вырашэння праблем. "Магчыма, наступная сустрэча адбудзецца ў Казахстане, аб чым выказаў просьбу Еўрапейскі саюз. Мы далі адпаведную згоду. У любым выпадку любыя перамовы лепш за канфлікты. Наш удзел у гэтай сустрэчы меў сваё значэнне, давер да Казахстана ёсць і з аднаго, і з другога боку. Мы аб'ектыўныя, жадаем міру, а таксама дасягнення дамоўленасці паміж Расіяй і Украінай, дапамагаючы наладжванню супрацоўніцтва і паразумення паміж імі".

"Лічу важнай ініцыятыву Казахстана і Беларусі аб правядзенні сустрэчы ў Мінску для абмеркавання і абмену меркаваннямі па гэтых праблемах", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Назарбаеў падкрэсліў, што Казахстанам быў ініцыяваны разгляд пытання аб аказанні гуманітарнай дапамогі насельніцтву Данбаса і Луганска. "Казахстан таксама гатовы прыняць удзел у яе забеспячэнні. Я выставіў прапанову пра абвяшчэнне перамір'я на час дастаўкі гуманітарных грузаў з даваннем спецыяльнага калідора для іх праходжання. У гэтым працэсе павінны ўдзельнічаць і іншыя акрамя Расіі краіны", — сказаў прэзідэнт Казахстана.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што адной з тэм мінулай сустрэчы былі магчымыя наступствы пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрапейскім саюзам для краін Мытнага саюза. "Праблема заключаецца ў тым, што ў выніку гэтай асацыяцыі будуць поўнасцю ўхілены бар'еры для ўвозу тавараў з краін Еўропы ва Украіну. Гэта значыць, што якасныя і танныя еўрапейскія тавары будуць увозіцца ва Украіну, а тавары гэтай краіны — экспартавацца ў Расію, а таксама ў нашу краіну. Нам варта гэта ўлічваць. Сумесна з кіраўнікамі Еўрапейскай камісіі былі разгледжаны пытанні аб тым, каб імплементацыя дагавора аб асацыяцыі не пашкодзіла гандлёвым адносінам нашых краін. Было прынята рашэнне аб стварэнні рабочай групы, якая будзе працаваць над гэтымі пытаннямі і пры неабходнасці ўносіць змяненні ў дамоўленасці Украіны з Еўрапейскім саюзам", — сказаў Назарбаеў.

Прэзідэнт Казахстана адзначыў, што адной з галоўных мэт гэтага мерапрыемства была арганізацыя сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і Украіны. "У Казахстана і Украіны гістарычныя сувязі. Гандаль з Украінай займае вялікую долю ў знешнім гандлі нашай краіны. У нас заўсёды былі даверныя адносіны, і мы вельмі перажываем з-за таго, што адбываецца ва Украіне. Я прыклаў усе сілы для таго, каб бакі дасягнулі дамоўленасці і вырашылі наяўныя пытанні. Неабходна прыйсці да кампрамісу, што азначае пэўныя ўзаемныя ўступкі. Асабістая сустрэча паміж Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам — галоўны вынік мерапрыемства", — лічыць Назарбаеў.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН