Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/27/eu_eu_722898_722904/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:40
27.08.2014 15:54 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Пётр Парашэнка: Сустрэча ў Мінску дае спадзяванне на магчымасць урэгулявання сітуацыі ў Данбасе

Мінск, 27 жніўня. Вынікі сустрэчы ў Мінску даюць надзею на магчымасць урэгулявання сітуацыі ў Данбасе, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў тэлефоннай гутарцы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель 27 жніўня.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны, Парашэнка "ахарактарызаваў вынікі шматбаковай сустрэчы ў Мінску як станоўчыя сігналы, якія могуць даць пачатак мірнаму ўрэгуляванню сітуацыі ў Данбасе". "Сярод іх — выяўленне агульных падыходаў да праблемы кантролю за мяжой, канкрэтныя захады ў пытанні вызвалення заложнікаў, пабудова дыялогу па пытаннях гандлю", — адзначаецца ў паведамленні.

"Суразмоўцы пагадзіліся, што логіка мірнага плана прэзідэнта Парашэнкі знайшла падтрымку сярод удзельнікаў сустрэчы ў Мінску. Само бачанне, выкладзенае ў мірным плане, можа стаць асновай для практычных захадаў па дээскалацыі, якія будуць прапанаваныя найбліжэйшым часам, у прыватнасці для працы трохбаковай рабочай групы з прадстаўнікамі Данбаса", — адзначае прэс-служба.

Паведамляецца таксама, што Парашэнка і Меркель абмеркавалі фармат далейшых міжнародных перамоў, у прыватнасці "магчымасць іх працягу ў нармандскім ці жэнеўскім фармаце для працы па мірным урэгуляванні паводле вынікаў мінскай сустрэчы".

Тым часам, украінскі прэм'ер-міністр Арсень Яцанюк на пасяджэнні Кабінета міністраў у Кіеве 27 жніўня назваў учарашнія перамовы ў Мінску безвыніковымі для Украіны. "Для Украіны ёсць тры асноўныя выклікі: вайна, валютна-абменны курс і энергетыка", — сказаў Яцанюк. Вырашыць першы з гэтых выклікаў, паводле яго слоў, можна толькі адным спосабам: Украіна аднаўляе кантроль над мяжой, Расія спыняе пастаўкі зброі, а АБСЕ кантралюе гэты працэс.

Нагадаем, двухбаковыя перамовы Пятра Парашэнкі з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным прайшлі 26 жніўня ў Мінску позна вечарам у межах саміту Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз і доўжыліся прыблізна дзве гадзіны. Паводле вынікаў Парашэнка заявіў журналістам, што перамовы былі "вельмі цяжкімі і складанымі". "Дасягнутая дамоўленасць, што мы актывізуем дзейнасць трохбаковай кантактнай групы (з АБСЕ). Дамовіліся, што неадкладна пачнуцца кансультацыі пагранічнікаў. Начальнікі генштабоў таксама распачнуць кантакты. На базе мірнага плана будзе падрыхтаваная дарожная карта, каб як мага хутчэй выйсці на рэжым спынення агню", — паведаміў прэзідэнт Украіны. Ён абмежаваўся заявай, адмовіўшыся адказваць на пытанні.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН