Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/28/723058_723059/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:45
28.08.2014 11:59 Палітыка

МЗС Беларусі: Чарговая сустрэча кантактнай групы па Украіне пройдзе ў найбліжэйшы час

Мінск, 28 жніўня. Мяркуецца, што чарговая сустрэча кантактнай групы Украіна — АБСЕ — Расія пройдзе ў найбліжэйшы час, заявіў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык на брыфінгу 28 жніўня ў Мінску, адказваючы на пытанні журналістаў.
Ён нагадаў, што прапанову аб правядзенні рэгулярных сустрэч групы ў Мінску абнародаваў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 26 жніўня ў Мінску падчас саміту ў фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз і ўсе ўдзельнікі яго падтрымалі.

Адказваючы на пытанне, якой Мінск бачыць сваю далейшую ролю ва ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, Мірончык адказаў, што Беларусь прапанавала Мінск у якасці пляцоўкі для перамоў. Ён падкрэсліў, што ўжо двойчы перамовы па Украіне праходзілі ў сталіцы Беларусі.

"Спадзяемся, што беларуская пляцоўка, яе выкарыстанне дапамогуць наблізіць урэгуляванне крызісу ва Украіне", — заявіў прэс-сакратар.

Нагадаем, напярэдадні прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы дасягнутыя ў Мінску дамоўленасці Уладзіміра Пуціна з Пятром Парашэнкам, заявіў у Маскве, што трохбаковая кантактная група па Украіне павінна аднавіць сваю працу ў найбліжэйшыя дні.

Ініцыятыва аб працы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў рамках кантактнай групы была прапанавана яшчэ ў лютым гэтага года, яе першае пасяджэнне адбылося ў Кіеве ў пачатку чэрвеня.

Другое пасяджэнне кантактнай групы адбылося 31 ліпеня ў Мінску. У ёй узялі ўдзел экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.

Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ адбылося 11 жніўня, на ім абмяркоўваліся лагістычныя аспекты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН