Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/28/723102_723108/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:13
28.08.2014 13:39 Палітыка

Пётр Парашэнка: Расійскія войскі ўвайшлі ва Украіну

Мінск, 28 жніўня. У сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў Данецкай вобласці Украіны прэзідэнт Пётр Парашэнка адмяніў рабочы візіт у Турцыю і збірае пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА). Украіна таксама ініцыюе тэрміновае скліканне пасяджэнняў Савета бяспекі ААН і Савета ЕС.
"Я вырашыў адмяніць рабочы візіт у Турэцкую Рэспубліку ў сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў Данецкай вобласці, у прыватнасці ў Амвросіеўцы і Старабешаве, паколькі расійскія войскі ўвайшлі ва Украіну", — цытуе словы Парашэнкі афіцыйны сайт прэзідэнта Украіны. Ён падкрэсліў, што пасяджэнне СНБА Украіны будзе склікана сёння ж.

Акрамя таго, паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Украіна тэрмінова ініцыюе скліканне пасяджэння Савета бяспекі ААН. "Свет павінен даць ацэнку рэзкаму абвастрэнню сітуацыі ва Украіне", — сказаў Парашэнка. Украіна таксама звернецца да сваіх еўрапейскіх партнёраў з заклікам сабраць надзвычайнае пасяджэнне Савета Еўрасаюза.

Тым часам Швейцарыя, якая старшынствуе ў АБСЕ, склікае экстраннае пасяджэнне савета АБСЕ ў сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ва Украіне.

Напярэдадні вечарам СНБА Украіны паведаміла, што расійскія ваенныя захапілі горад Новаазоўск і шэраг населеных пунктаў Новаазоўскага, Старабешаўскага і Амвросіеўскага раёнаў Данецкай вобласці. 28 жніўня на брыфінгу ў Кіеве прадстаўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра СНБА Андрэй Лысенка заявіў: "Працягваецца контрнаступленне ўзброеных сіл Расійскай Федэрацыі і бандфармаванняў у паўднёва-ўсходняй частцы Данецкай вобласці".

Варта адзначыць, што яшчэ 27 жніўня ў тэлефоннай гутарцы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель Пётр Парашэнка выказваў надзею на магчымасць урэгулявання сітуацыі ў Данбасе па выніках мінскай сустрэчы.

Двухбаковыя перамовы Пятра Парашэнкі з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным прайшлі 26 жніўня ў Мінску ў рамках саміту Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз і доўжыліся каля дзвюх гадзін. Па выніках Парашэнка заявіў журналістам, што перамовы былі "вельмі цяжкімі і складанымі". "Дасягнута дамоўленасць, што мы актывізуем дзейнасць трохбаковай кантактнай групы (з АБСЕ). Дамовіліся, што неадкладна пачнуцца кансультацыі пагранічнікаў. Начальнікі генштабаў таксама пачнуць кантакты. На базе мірнага плана будзе падрыхтавана дарожная карта, каб як мага хутчэй выйсці на рэжым спынення агню", — паведаміў прэзідэнт Украіны.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН