Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/28/723132_723136/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2018 04:18
28.08.2014 15:51 Эканоміка, Фінансы

Еўразійскі банк развіцця выдзеліў групе кампаній "Алютэх" крэдытную лінію на 25 млн. еўра

Мінск, 28 жніўня. Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) і група кампаній "Алютэх" падпісалі 28 жніўня ў Мінску дагавор аб адкрыцці вытворчым прадпрыемствам групы крэдытнай лініі ў 25 млн. еўра тэрмінам на тры гады, паведамілі ў прэс-службе банка.

У адпаведнасці з дагаворам сродкі будуць накіраваныя на развіццё бізнесу групы з мэтай забеспячэння наяўных паставак і павелічэння экспарту беларускай металапрадукцыі ў Расійскую Федэрацыю.

"Група кампаній "Алютэх" мае стабільныя фінансавыя паказчыкі, якія пастаянна паляпшаюцца. З улікам добрага фінансавага стану ГК "Алютех" здольная атрымліваць крэдытныя рэсурсы на вельмі добрых умовах, што пацвярджаецца падпісанымі сёння пагадненнямі. Фінансаванне дазволіць павялічыць аб'ёмы вытворчасці прадпрыемстваў групы і забяспечыць дадатковыя бюджэтныя паступленні, — пракаментаваў намеснік старшыні праўлення ЕАБР Генадзь Жужлеў. — Рэалізацыя праекта будзе спрыяць павелічэнню аб'ёмаў узаемнага гандлю Беларусі з Расіяй, куды пастаўляецца прыкладна 65% прадукцыі групы. Крэдыт ад Еўразійскага банка развіцця на папаўненне абаротных сродкаў дазволіць групе кампаній "Алютэх" нарасціць аб'ёмы рэалізацыі прадукцыі на працягу пяці гадоў не менш як на 60%".

Група кампаній "Алютэх" — міжнародны прамыслова-збытавы холдынг, які спецыялізуецца на вытворчасці экструдаваных алюмініевых профільных сістэм, секцыйных варот, алюмініевых профіляў і камплектавальных для ралетных сістэм. У склад холдынгу ўваходзяць 27 кампаній: сем вытворчых прадпрыемстваў (чатыры ў Беларусі, па адным у РФ, Германіі і Украіне) і 20 збытавых кампаній і лакальных складоў у Расіі, Беларусі, ва Украіне, у Чэхіі і Аўстрыі. Група кампаній з'яўляецца вядучым вытворцам алюмініевых профільных сістэм на тэрыторыі Усходняй і Заходняй Еўропы, а таксама лідарам рынку ралет у краінах СНД.

Еўразійскі банк развіцця — міжнародная фінансавая арганізацыя, заснаваная Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай садзейнічання развіццю рынкавай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязяў. Статутны капітал ЕАБР перавышае 1,5 млрд. долараў ЗША. Дзяржавамі — удзельнікамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН