Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/29/723292_723293/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:14
29.08.2014 12:08 Палітыка

Генеральны сакратар ААН заклікае прадоўжыць распачатыя ў Мінску перамовы па Украіне

Мінск, 29 жніўня. Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун занепакоены паведамленнямі аб тым, што баявыя дзеянні ва Украіне распаўсюдзіліся на поўдзень краіны ў раёны, якія прылягаюць да Азоўскага мора і межаў Расіі, і заклікае бакі прадоўжыць перамовы, распачатыя ў Мінску.
"Міжнародная супольнасць не павінна дапусціць эскалацыі сітуацыі, як і працягу насілля і разбурэнняў, якія прынёс канфлікт на ўсходзе Украіны, — сказана ў заяве, з якой ад імя Пан Гі Муна выступіў яго прэс-сакратар Стэфан Дзюжарык. — Генеральны сакратар асобна адзначыў перамовы, якія прайшлі ў Мінску 26 жніўня, і першую афіцыйную сустрэчу прэзідэнтаў Украіны і Расіі. Ён заклікае прадоўжыць гэтыя перамовы з мэтай вырашыць канфлікт мірным шляхам".

Пан Гі Мун таксама падкрэсліў, што ўсе бакі павінны зрабіць свой унёсак у мірнае ўрэгуляванне крызісу з улікам суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Нагадаем, 28 жніўня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выступіў з заявай, у якой паведаміў пра ўвод расійскіх войскаў ва Украіну. Кіеў таксама ініцыяваў тэрміновае скліканне пасяджэнняў Савета бяспекі ААН і Савета ЕС.

На праведзеным у той жа дзень пасяджэнні Савета бяспекі ААН намеснік генсакратара па палітычных пытаннях Джэфры Фелтман заявіў пра неабходнасць знайсці канструктыўны шлях урэгулявання крызісу, наступствы якога могуць выйсці далёка за межы Украіны. "Мы не можам ігнараваць трывожныя паведамленні пра ўдзел расійскіх ваенных у новай хвалі эскалацыі. Калі гэтыя даныя пацвердзяцца, яны будуць сведчыць аб прамым парушэнні міжнароднага права і Статута ААН, — цытуе Фелтмана агенцтва УНИАН. — У ААН няма незалежных інструментаў для праверкі гэтай інфармацыі, а Расійская Федэрацыя рашуча адмаўляе гэтыя паведамленні".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН