Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/01/723711_723712/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:13
01.09.2014 11:14 Палітыка

Пасяджэнне кантактнай групы па Украіне ў Мінску

Мінск, 1 верасня. Пасяджэнне кантактнай групы па Украіне пачнецца ў Мінску сёння ў першай палове дня ў Dipservice Hall у Вайсковым завулку, паведамілі БелаПАН у прэс-службе МЗС Беларусі.

Склад удзельнікаў пасяджэння не раскрываецца. У прэс-службе АБСЕ БелаПАН паведамілі, што ў адпаведнасці з фарматам работы кантактнай групы, ні склад удзельнікаў, ні парадак дня чарговых сустрэч не паведамляецца, пакуль самі ўдзельнікі не захочуць зрабіць гэтую інфармацыю публічнай.

30 жніўня падчас свайго візіту ў Маскву віцэ-прэм`ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Андрэй Пургін заявіў, што возьме ўдзел у пасяджэнні кантактнай групы ў Мінску 1 верасня. Хто будзе прадстаўляць на перамовах Украіну, яму невядома, дадаў Пургін.

Ён таксама заявіў, што на мінскай сустрэчы мае намер узняць пытанне аб абмене палоннымі па формуле "ўсіх на ўсіх". "Мы спрабуем пераканаць украінскі бок, што трэба мяняць "усіх на ўсіх", але на сённяшні дзень пакуль беспаспяхова. Прычым, наколькі я разумею, еўрапейскі бок нас у гэтым падтрымлівае, таксама як і расійскі", — сказаў Пургін.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 26 жніўня ў Мінску на саміце ў фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз прапанаваў праводзіць рэгулярныя сустрэчы групы ў Мінску.

Ініцыятыва аб рабоце па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў межах кантактнай групы была вылучана яшчэ ў лютым гэтага года, яе першае пасяджэнне адбылося ў Данецку ў пачатку чэрвеня.

Другое пасяджэнне кантактнай групы прайшло 31 ліпеня ў Мінску. У ім удзельнічалі экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.

Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ адбылося 11 жніўня, на ім абмяркоўваліся лагістычныя аспекты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.

Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН