Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/01/723721_723722/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:36
01.09.2014 11:34 Палітыка

Кіраўнік МЗС РФ спадзяецца, што перамовы ў Мінску будуць прысвечаныя спыненню агню

Мінск, 1 верасня. Расія разлічвае, што перамовы кантактнай групы па Украіне ў Мінску будуць, перш за ўсё, прысвечаныя спыненню агню, заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, выступаючы ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносінаў 1 верасня. Пра гэта паведамляе РИА Новости.

"Я асабіста разлічваю, што сённяшнія перамовы будуць, перш за ўсё, прысвечаныя задачы ўзгаднення неадкладнага, без усялякіх умоў спынення агню", — сказаў Лаўроў.

Паводле яго слоў, Расія будзе рабіць "усё, што ад нас залежыць", а таксама "садзейнічаць прасоўванню палітычнага мірнага ўрэгулявання канфлікту на аснове ўліку інтарэсаў усіх без выключэння рэгіёнаў і палітычных сіл" ва Украіне.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 26 жніўня ў Мінску на саміце ў фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз прапанаваў праводзіць рэгулярныя сустрэчы групы ў Мінску.

Ініцыятыва аб рабоце па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў межах кантактнай групы была вылучана яшчэ ў лютым гэтага года, яе першае пасяджэнне адбылося ў Данецку ў пачатку чэрвеня.

Другое пасяджэнне кантактнай групы прайшло 31 ліпеня ў Мінску. У ім удзельнічалі экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.

30 жніўня Пётр Парашэнка заявіў, што сустрэча ў Мінску 1 верасня пройдзе з удзелам тых жа прадстаўнікоў ад Украіны, АБСЕ і РФ, што ў папярэдняя мінская сустрэча кантактнай групы.

Віцэ-прэм'ер самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР) Андрэй Пургін заявіў у інтэрв'ю РІА Новости, што ДНР на перамовах будзе прадстаўляць ён.

Чакаецца, што пасяджэнне кантактнай групы пачнецца ў Мінску сёння ў першай палове дня ў рэзідэнцыі прэзідэнта ў Вайсковым завулку.
Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН