Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/01/723812_723813/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:38
01.09.2014 15:15 Палітыка

У Мінску праходзіць пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне

Мінск, 1 верасня. Перамовы кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ пачаліся прыблізна ў 14.00 і праходзяць у Dipservice Hall (Дом прыёмаў) у Вайсковым завулку за зачыненымі дзвярыма.
Як паведамляюць акрэдытаваныя на пасяджэнне СМІ, ад украінскага боку ў перамовах удзельнічае былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскага — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні.

У пасяджэнні таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) і Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР) Андрэй Пургін і Аляксей Каракін. Перад пачаткам перамоў яны паведамілі журналістам, што збіраюцца патрабаваць прызнання Кіевам асаблівага статусу тэрыторый ДНР і ЛНР, а таксама спыніць ваенную аперацыю для правядзення свабодных выбараў кіраўнікоў і дэпутатаў гэтых рэспублік.

Пургін таксама заявіў, што не чакае сур'ёзнага прарыву ад сённяшняй сустрэчы. "Гэта пачатковая стадыя. Наўрад ці яна можа закончыцца чымсьці радыкальна вялікім. Мы толькі пачынаем шукаць пункты сутыкнення", — цытуе Пургіна РИА Новости.

Пасля пачатку перамоў журналістаў папрасілі пакінуць будынак. 

Першае пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне адбылося ў Данецку ў пачатку чэрвеня, другое — 31 ліпеня ў Мінску з удзелам Леаніда Кучмы, Міхаіла Зурабава, Адэльхейд Тальявіні і прадстаўнікоў ДНР. Затым адбылося яшчэ некалькі пасяджэнняў груп, інфармацыя аб якіх практычна не абвяшчалася.

26 жніўня на мінскім саміце ў фармаце Украіна — Расія — ЕС у Мінску Пётр Парашэнка прапанаваў зрабіць рэгулярнымі сустрэчы ў Мінску кантактнай групы з удзелам украінскага і расійскага бакоў, а таксама прадстаўнікоў АБСЕ.

Напярэдадні сённяшняй сустрэчы прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін запатрабаваў дзяржаўнасці для паўднёвага ўсходу Украіны. "Трэба неадкладна пачаць субстантыўныя, змястоўныя перамовы, і не па тэхнічных пытаннях, а па пытаннях палітычнай арганізацыі грамадства і дзяржаўнасці на паўднёвым усходзе Украіны з мэтай безумоўнага забеспячэння законных інтарэсаў людзей, якія там жывуць", — заявіў Пуцін 31 жніўня ў інтэрв'ю Першаму каналу расійскага тэлебачання.

Крыху пазней прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў дадаў: для ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны Кіеў павінен весці перамовы з "Наваросіяй", бо гэта не канфлікт паміж Расіяй і Украінай, а ўнутрыўкраінскі канфлікт".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН