Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/01/723934_723935/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:10
01.09.2014 22:52 Палітыка

Кантактная група па Украіне збярэцца 5 верасня ў пашыраным складзе

Мінск, 1 верасня. Сустрэча кантактнай групы па Украіне (Кіеў — АБСЕ — Расія — данбаскія сепаратысты), якая прайшла 1 верасня ў Мінску, фактычна прынесла толькі адзін вынік: бакі сустрэнуцца зноў 5 верасня. Дзе — не ўдакладняецца, але гэта таксама можа быць беларуская сталіца.

Каментарыі па выніках перамоў акрэдытаваным журналістам даў толькі "віцэ-прэм'ер" так званай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін. Паводле яго слоў, бакі абмяняліся прапановамі і збяруцца зноў пасля іх вывучэння.

Сярод ініцыятыў сепаратыстаў, агучаных расійскімі СМІ, наступныя: спыніць спецаперацыю ўкраінскіх сілавікоў для правядзення ў рэгіёнах "свабодных выбараў на прынцыпах незалежнага самакіравання"; стварыць камісію для выпрацоўкі дагавора аб мірным ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне і аднаўленні Данбаса; правесці амністыю "палітзняволеных, апалчэнцаў, палітыкаў, дэпутатаў і членаў кабмінаў рэспублік"; пагадзіцца на адмысловы рэжым аховы парадку і прызначэнне пракурораў і суддзяў уладамі рэспублік. У той жа час Пургін адзначыў, што інфармацыя пра нібыта прызнанне адмысловага статусу тэрыторый ДНР і ЛНР ("Луганскай народнай рэспублікі"), а таксама амністыі ўдзельнікаў апалчэння, з'яўляецца "вуткай". Праведзены вясной "рэферэндум" аб незалежнасці гэтых тэрыторый не мае зваротнай сілы, падкрэсліў сепаратыст.

Тым часам з гучнымі заявамі выступіў міністр абароны Украіны Валерый Гелетэй. "Расія прайграла гібрыдную вайну Украіне, — напісаў ён у сацыяльнай сетцы "Фейсбук". — Нашы Узброеныя сілы ўпэўнена адціскалі банды расійскіх наймітаў, знішчалі дыверсантаў і спецназаўцаў. Менавіта таму Крэмль вымушаны быў перайсці да поўнамаштабнага ўварвання сваіх рэгулярных войскаў на тэрыторыю Данбаса. Сёння мы ўжо маем справу з дывізіямі і палкамі. Заўтра гэта могуць быць карпусы. Аперацыя па вызваленні Усходу Украіны ад тэрарыстаў завершана. Мы павінны тэрмінова выбудоўваць абарону ад Расіі, якая спрабуе не толькі замацавацца на тэрыторыях, раней акупаваных тэрарыстамі, але і ажыццяўляць наступленне на іншыя тэрыторыі Украіны. У наш дом прыйшла вялікая вайна, якую Еўропа не бачыла з часоў Другой Сусветнай. На жаль, у такой вайне страты будуць вылічацца не сотнямі, а тысячамі, нават дзясяткамі тысяч".

Больш за тое, піша Гелетэй, "паводле неафіцыйных каналаў, расійскі бок ужо некалькі разоў пагражаў, што ў выпадку працягу супраціўлення яны гатовыя прымяніць супраць нас тактычную ядзерную зброю". "Калі б не расійскае ўварванне, мы б непазбежна завяршылі б актыўную фазу АТО ўжо ў пачатку кастрычніка, вызваліўшы ўсю тэрыторыю", — лічыць міністр.

"Расія ўжо заплаціла дарагую цану за ўварванне. Сотні расійскіх салдат і афіцэраў назаўжды знайшлі прыстанак ва ўкраінскім чарназёме. Крытычная колькасць страт непазбежна ацвярэзіць Расію. Але для гэтага мы павінны адмовіцца ад панікёрства і паказаць, што ўкраінцы не збіраюцца здавацца. Гэта — наша Вялікая Айчынная Вайна, і мы ў ёй абавязкова пераможам", — заявіў Гелетэй.

Яго выказванні пракаментаваў МЗС Расіі: "Ступень адэкватнасці кіраўніка ваеннага ведамства Украіны (...) — прадмет для даследавання спецыялістаў не ў ваеннай галіне".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН