Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/02/724003_724008/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:24
02.09.2014 14:12 Палітыка

Сяргей Лаўроў: ЗША і ЕС павінны падтрымаць працэс пошуку кампрамісу па ўрэгуляванні на Украіне, пачаты ў Мінску

Мінск, 2 верасня. ЗША і ЕС павінны падтрымаць працэс пошуку кампрамісу па ўрэгуляванні на Украіне, пачаты ў Мінску, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў 2 верасня ў Маскве.

"Вельмі важна, каб і ЗША, і еўрапейскія партнёры актыўна падтрымалі неабходнасць пошуку ўсёабдымнага кампрамісу ў межах таго працэсу, які быў пачаты ўчора ў Мінску, — цытуе Лаўрова РИА Новости. — Тады, нарэшце, шматлікія заклікі да палітычнага ўрэгулявання змогуць матэрыялізавацца. Мы будзем актыўна гэта падтрымліваць".

Каментуючы ініцыятыву Кабінета міністраў Украіны аб унясенні ў Вярхоўную раду праекта закона аб адмове ад пазаблокавага статусу краіны, кіраўнік расійскага МЗС заявіў: "Звяртаю ўвагу на адзін вельмі цікавы факт: гэтая ініцыятыва з'явілася якраз тады, калі пасля сустрэчы ў Мінску сталі з'яўляцца магчымасці для перамоўнага рашэння. Гэта значыць "партыя міру" спрабуе прасунуць палітычнае рашэнне па асноўных пытаннях, з якімі сутыкаюцца ўкраінцы, а "партыя вайны" ў Кіеве робіць крокі, якія нацэлены на падрыў усіх гэтых намаганняў".

Паводле яго слоў, настроі на карысць умацавання ў Кіеве пазіцый "партыі вайны" "падаграваюцца і падсцёбваюцца з Вашынгтона і некаторых еўрапейскіх сталіц, а таксама са штаб-кватэры НАТА ў Бруселі, дзе генсакратар НАТА робіць з падставай і без падставы заявы, якія зусім не адносяцца да яго кампетэнцыі".

Лаўроў падкрэсліў, што пераканаць "партыю вайны" могуць толькі ЗША, у якіх ёсць рычагі ўплыву на ўкраінскіх сілавікоў. "Вашынгтон мае наўпросты ўплыў на ўкраінскіх сілавікоў, і фактаў гэтаму шмат", — сказаў ён.

Кіраўнік МЗС РФ назваў важным той факт, што 1 верасня ў Мінску на пасяджэнні кантактнай групы па Украіне перамоўшчыкі ўпершыню абмяркоўвалі пытанні палітычнага ўрэгулявання. "Бакі абмяняліся пазіцыйнымі дакументамі, як я разумею, з канкрэтнымі прапановамі аб тым, як урэгуляваць гэтую сітуацыю, і дамовіліся працягнуць працу ў такім жа фармаце ўжо на гэтым тыдні", — сказаў Лаўроў.

Нагадаем, учарашняе пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ праходзіла з удзелам данбаскіх сепаратыстаў. Падчас перамоў прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік заклікалі Кіеў прызнаць асаблівы статус ДНР і ЛНР. У абмен на выкананне гэтага патрабавання яны паабяцалі прыкласці "максімум намаганняў" для захавання адзінай прасторы Украіны. 

Украінскія ўлады пакуль не гатовыя каментаваць патрабаванні аб асаблівым статусе для ДНР і ЛНР. У Кіеве прапаноўваюць пачакаць вынікаў наступнага пасяджэння кантактнай групы, якое, як мяркуецца, пройдзе 5 верасня. "Пятага дня будзе наступнае пасяджэнне. Пачакаем, якія будуць высновы і вынікі", — заявіў 2 верасня ў Кіеве прэс-сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка.

Месца правядзення чарговага пасяджэння кантактнай групы не названае. Верагодней за ўсё, сустрэча зноў пройдзе ў Мінску.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН