Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/02/724023_724025/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:41
02.09.2014 15:11 Палітыка

Кіраўнік украінскага МЗС станоўча ацэньвае сустрэчу кантактнай групы па Украіне, што адбылася ў Мінску

Мінск, 2 верасня. Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін станоўча ацэньвае праведзеныя ўчора ў Мінску кансультацыі кантактнай групы па сітуацыі на ўсходзе Украіны. Аб гэтым ён заявіў 2 верасня ў Кіеве на сумеснай прэс-канферэнцыі з генеральным сакратаром Савета Еўропы Турб'ёрнам Ягландам, паведамляе УНІАН.

"Сам факт такіх кансультацый у Мінску з'яўляецца ў цэлым станоўчым, бо доўгі час было складана арганізаваць такія кансультацыі з-за нежадання прадстаўнікоў так званых ДНР і ЛНР у іх удзельнічаць", — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, у ходзе ўчарашніх кансультацый абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з вызваленнем заложнікаў і перадумовамі спынення выкарыстання зброі. "Я размаўляў з удзельнікамі гэтых кансультацый як з украінскага боку, так і АБСЕ. Яны настроены на іх працяг і гатовы прадметна працаваць", — адзначыў Клімкін.

Размова ідзе аб тым, падкрэсліў кіраўнік МЗС, што прадстаўнікі ДНР і ЛНР таксама гатовы прадметна працаваць. Для чаго патрэбна адпаведная палітычная воля і адпаведныя інструкцыі з Масквы, бо, паводле яго слоў, вядома, што яны поўнасцю кантралююцца з Масквы.

Нагадаем, учарашняе пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ праходзіла з удзелам данбаскіх сепаратыстаў. Падчас перамоў прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік заклікалі Кіеў прызнаць асаблівы статус ДНР і ЛНР. У абмен на выкананне гэтага патрабавання яны паабяцалі прыкласці "максімум намаганняў" для захавання адзінай прасторы Украіны.

Украінскія ўлады пакуль не гатовыя каментаваць патрабаванні аб асаблівым статусе для ДНР і ЛНР. У Кіеве прапаноўваюць пачакаць вынікаў наступнага пасяджэння кантактнай групы, якое, як мяркуецца, пройдзе 5 верасня. "Пятага чысла будзе наступнае пасяджэнне. Пачакаем, якія будуць высновы і вынікі", — заявіў 2 верасня ў Кіеве прэс-сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка.

Месца правядзення чарговага пасяджэння кантактнай групы не названае. Верагодней за ўсё, сустрэча зноў пройдзе ў Мінску.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН