Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/02/724195_724197/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:27
02.09.2014 22:39 Палітыка

АБСЕ паведаміла некаторыя падрабязнасці мінскай сустрэчы кантактнай групы па Украіне

Мінск, 2 верасня. Прэс-служба Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе вечарам 2 верасня паведаміла некаторыя падрабязнасці сустрэчы ўдзельнікаў трохбаковай кантактнай групы Украіна — Расія — АБСЕ 1 верасня ў Мінску з прадстаўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

Як паведамляе прэс-служба АБСЕ, падчас сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя ў зоне канфлікту ва ўсходняй Украіне і "прапановы ад украінскіх улад і прадстаўнікоў самаабвешчаных утварэнняў". Гэтыя прапановы, у прыватнасці, датычацца ўстанаўлення палітычнага дыялогу, спынення агню з адначасовым эфектыўным кантролем расійска-ўкраінскай мяжы, а таксама эканамічнага аднаўлення пацярпелых тэрыторый".

Пры гэтым прэс-служба не канкрэтызуе, якія прапановы былі зробленыя кожным з бакоў.

Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі далейшае вызваленне асоб, затрыманых у выніку канфлікту, і пытанні гуманітарнай дапамогі насельніцтву ў зоне канфлікту.

Бакі пазітыўна ацанілі вызваленне ў жніўні 50 затрыманых чалавек, а таксама спробы аказання гуманітарнай дапамогі пацярпелым у канфлікце, падкрэсліўшы, што гэта павінна адбывацца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і пры магчымым прыцягненні Чырвонага Крыжа.

"Кантактная група пагадзілася з прапановамі прадстаўнікоў самаабвешчаных утварэнняў аб працягу кансультацый і супрацоўніцтва па гэтых і іншых пытаннях", — адзначаецца ў паведамленні.

Прэс-служба АБСЕ таксама паведамляе, што наступная сустрэча адбудзецца ў канцы гэтага тыдня ў Мінску.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН