Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/03/724230_724237/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:42
03.09.2014 12:54 Палітыка

Пуцін і Парашэнка абмеркавалі па тэлефоне першачарговыя меры для спынення кровапраліцця на паўднёвым усходзе Украіны

Мінск, 3 верасня. Адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў Украіны і Расіі Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Як паведамляе прэс-служба Крамля, падчас размовы было працягнута "грунтоўнае абмеркаванне ваеннага і гуманітарнага крызісу ва Украіне". "Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся думкамі наконт таго, што трэба зрабіць у першачарговым парадку для найхутчэйшага спынення кровапраліцця на паўднёвым усходзе краіны, — гаворыцца ў паведамленні. — Пункты гледжання прэзідэнтаў дзвюх краін аб магчымых шляхах выхаду з крызіснай сітуацыі ў значнай ступені супадаюць".

У сваю чаргу, прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта паведаміла, што "вынікам перамоў стала дамоўленасць аб пастаянным спыненні агню на Данбасе". "Было дасягнута паразуменне наконт захадаў, якія будуць садзейнічаць устанаўленню міру", — адзначылі ў прэс-службе.

Нагадаем, 5 верасня ў Мінску павінна прайсці чарговае пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне з удзелам прадстаўнікоў Кіева, Масквы, данбаскіх сепаратыстаў і АБСЕ.

Папярэдняя сустрэча кантактнай групы прайшла ў Мінску 1 верасня. З украінскага боку ў ёй удзельнічаў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, з расійскага — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, ад сепаратыстаў — прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) і Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР) Андрэй Пургін і Аляксей Каракін, ад АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні.

Па выніках сустрэчы Пургін паведаміў журналістам, што бакі абмяняліся прапановамі і збяруцца зноў пасля іх вывучэння. Каментары з Кіева і Масквы з'явіліся толькі на наступны дзень, 2 верасня, ад міністраў замежных спраў. Кіраўнік украінскага МЗС Павел Клімкін і яго расійскі калега Сяргей Лаўроў станоўча ацанілі кансультацыі ў Мінску.

Пазней кароткае паведамленне па выніках мінскай сустрэчы абнародавала прэс-служба АБСЕ. У ім адзначалася, што прапановы, якія прагучалі на сустрэчы, тычацца ўстанаўлення палітычнага дыялогу, спынення агню з адначасовым эфектыўным кантролем расійска-ўкраінскай мяжы, а таксама эканамічнага аднаўлення пацярпелых тэрыторый. Удзельнікі перамоў таксама абмеркавалі далейшае вызваленне асоб, затрыманых у выніку канфлікту, і пытанні гуманітарнай дапамогі насельніцтву ў зоне канфлікту, паведаміла прэс-служба АБСЕ.
Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН