Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/03/724258_724262/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:34
03.09.2014 15:00 Палітыка

Прэс-сакратар Пуціна абверг інфармацыю аб дамоўленасці прэзідэнтаў РФ і Украіны пра пастаяннае спыненне агню на паўднёвым усходзе Украіны

Мінск, 3 верасня. Уладзімір Пуцін і Пётр Парашэнка не дамаўляліся аб спыненні агню ва Украіне, заявіў 3 верасня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

"Пуцін і Парашэнка сапраўды абмеркавалі крокі, якія садзейнічалі б спыненню агню паміж апалчэнцамі і ўкраінскімі сілавікамі. Дамаўляцца аб спыненні агню Расія не можа фізічна, бо не з'яўляецца бокам канфлікту", — цытуе Пяскова РИА Новости.

Пры гэтым прэс-сакратар не стаў каментаваць магчымасць новых кантактаў паміж кіраўнікамі дзвюх краін.

Нагадаем, сёння раніцай прэс-служба прэзідэнта Украіны паведаміла, што ў межах тэлефонных перамоў Парашэнкі і Пуціна была дасягнутая "дамоўленасць аб пастаянным спыненні агню на Данбасе". Пазней паведамленне на сайце ўкраінскага прэзідэнта было адрэдагаванае: цяпер у ім адзначаецца, што вынікам размовы стала "дамоўленасць аб рэжыме спынення агню на Данбасе". "Было дасягнутае паразуменне адносна крокаў, якія будуць садзейнічаць устанаўленню міру", — гаворыцца ў паведамленні.

Прэс-служба Крамля ў сваю чаргу паведамляла, што падчас тэлефоннай размовы Пуцін і Парашэнка працягнулі "грунтоўнае абмеркаванне ваеннага і гуманітарнага крызісу ва Украіне". "Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся меркаваннямі адносна таго, што трэба зрабіць у першачарговым парадку для найхутчэйшага спынення кровапраліцця на паўднёвым усходзе краіны, — гаворыцца ў паведамленні. — Пункты гледжання прэзідэнтаў дзвюх краін аб магчымых шляхах выйсця з крызіснай сітуацыі ў значнай ступені супадаюць".

1 верасня ў Мінску адбылося пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне з удзелам прадстаўнікоў Кіева, Масквы, данбаскіх сепаратыстаў і АБСЕ. Як паведаміла на наступны дзень прэс-служба АБСЕ, прапановы, што прагучалі на сустрэчы, тычыліся ўстанаўлення палітычнага дыялогу, спынення агню з адначасовым эфектыўным кантролем расійска-ўкраінскай мяжы, а таксама эканамічнага аднаўлення пацярпелых тэрыторый. Удзельнікі перамоў таксама абмеркавалі далейшае вызваленне асоб, затрыманых у выніку канфлікту, і пытанні гуманітарнай дапамогі насельніцтву ў зоне канфлікту.

Чарговае пасяджэнне кантактнай групы павінна прайсці 5 верасня ў Мінску.

Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН