Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/03/724381_724382/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:23
03.09.2014 18:58 Палітыка

Кіеў адхіліў "план Пуціна" па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне

Мінск, 3 верасня. Афіцыйны Кіеў у асобе прэм`ер-міністра Украіны Арсена Яцанюка катэгарычна адхіліў прапанаваны прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным план мірнага ўрэгулявання ва Украіне.

3 верасня, знаходзячыся з візітам у Манголіі, Пуцін абвясціў план з сямі пунктаў. Прэс-служба Крамля назвала яго "планам Пуціна".

Расійскі кіраўнік заявіў:

"У мэтах спынення кровапраліцця і стабілізацыі становішча на паўднёвым усходзе Украіны лічу, што абодва бакі павінны неадкладна ўзгадніць і скаардынавана ажыццявіць наступныя дзеянні:

1. Спыніць актыўныя наступальныя аперацыі ўзброеных сіл, узброеных фарміраванняў, апалчэння паўднёвага ўсходу Украіны на данецкім і луганскім кірунках.

2. Адвесці ўзброеныя падраздзяленні сілавых структур Украіны на адлегласць, якая выключае магчымасць абстрэлу населеных пунктаў артылерыяй і ўсімі відамі сістэм залпавага агню.

3. Прадугледзець ажыццяўленне паўнавартаснага і аб`ектыўнага міжнароднага кантролю за выкананнем умоў спынення агню і маніторынгам становішча ў стваранай такім чынам зоне бяспекі.

4. Выключыць прымяненне баявой авіяцыі супраць мірных грамадзян і населеных пунктаў у зоне канфлікту.

5. Арганізаваць абмен асобаў, якія насільна ўтрымліваюцца, паводле формулы "ўсіх на ўсіх" без якіх-небудзь папярэдніх умоў.

6. Адкрыць гуманітарныя калідоры для перамяшчэння бежанцаў і дастаўкі гуманітарных грузаў у гарады і іншыя населеныя пункты Данбаса — Данецкую і Луганскую вобласці.

7. Забяспечыць магчымасць накіравання ў пацярпелыя населеныя пункты Данбаса рамонтных брыгад для аднаўлення разбураных аб`ектаў сацыяльнай інфраструктуры жыццезабеспячэння, аказання дапамогі ім у падрыхтоўцы да зімы".

У адказ прэм`ер-міністр Украіны Арсен Яцанюк заявіў, што гэта дзіўным чынам нагадвае "план ратавання для расійскіх тэрарыстаў".

"Гэты чарговы "план" — спроба ашуканства для міжнароднай супольнасці перад самітам НАТА і імкненне ўнікнуць непазбежных рашэнняў Еўрапейскага саюза аб увядзенні новай хвалі санкцый супраць Расіі, — прыводзіць словы Яцанюка дэпартамент інфармацыі і камунікацый з грамадскасцю сакратарыята Кабінета міністраў Украіны. — Сапраўдны план Пуціна — гэта знішчэнне Украіны і аднаўленне СССР".

Паводле слоў прэм`ер-міністра, няма даверу ніводнаму плану Пуціна: "Усе папярэднія ўзгодненыя Расіяй дамоўленасці — у Жэневе, Нармандыі, Берліне, Мінску — расійскі рэжым або проста ігнараваў, або нахабна парушаў".

"Найлепшы план для спынення вайны Расіі супраць Украіны складаецца толькі з аднаго пункта: Расія выводзіць сваю рэгулярную армію, наймітаў і тэрарыстаў з украінскай тэрыторыі. І тады ва Украіне будзе мір", — заявіў Яцанюк.

Ён таксама паведаміў, што Кіеў чакае рашэнняў НАТА і ЕС "аб спыненні агрэсара".

Чакаецца, што 5 верасня ў Мінску зноў збярэцца шматбаковая кантактная група па Украіне.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН