Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/03/724384_724385/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:51
03.09.2014 19:06 Палітыка

Парашэнка: Я ўскладаю вялікую надзею на тое, што ў пятніцу ў Мінску будзе, урэшце, распачаты мірны працэс

Мінск, 3 верасня. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка спадзяецца, што 5 верасня ў Мінску шматбаковая кантактная група пачне перамовы аб працэсе мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях, а таксама будуць зробленыя рэальныя захады для дасягнення міру.

"Я ўскладаю велізарную надзею на тое, што ў пятніцу ў Мінску будзе, урэшце, распачаты мірны працэс", — заявіў Парашэнка 3 верасня ў Кіеве падчас сустрэчы з украінцамі, вызваленымі з лівійскага палону.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, ён падкрэсліў, што Украіна не давала ніякай нагоды для таго, каб справакаваць супраць сябе агрэсію. "Увесь свет ведае, што Украіна з'яўляецца краінай, якая дакладна прытрымліваецца абавязацельстваў, міжнароднага права і якая сёння з'яўляецца аб'ектам агрэсіі з боку суседняй дзяржавы", — сказаў Парашэнка. Ён выказаў надзею, што, нарэшце, удасца спыніць пастаяннае парушэнне дамоўленасцяў, расстрэл палонных, мірнага насельніцтва, знішчэнне навучальных устаноў і іншых аб'ектаў інфраструктуры.

"Першая задача — гэта мір. Сёння а 5-й гадзіне раніцы, у сувязі з розніцай у часе, мы размаўлялі з прэзідэнтам Пуціным (ён знаходзіцца ў Манголіі. — БелаПАН.) аб тым, якім чынам мы можам спыніць жудасныя працэсы. Нельга адмаўляць тое, што людзі павінны перастаць гінуць", — заявіў Парашэнка.

Ён падкрэсліў, што міру ва Украіне жадаюць усе грамадзяне, таму ён будзе змагацца за мір. "Народ Украіны ўвесь "за", палітыканы жадаюць пагуляць у вайну. Але я хачу сказаць, што не дам гэта зрабіць. Мы павінны разам змагацца за мір", — адзначыў прэзідэнт.

Апошняя сустрэча кантактнай групы (Кіеў — сепаратысты Данбаса — Расія — АБСЕ) збіралася ў Мінску 1 верасня. Бакі падалі свае прапановы і вырашылі сабрацца зноў 5 верасня.

У сераду прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясціў свой план мірнага ўрэгулявання, які складаецца з сямі пунктаў. Кіеў у асобе прэм'ер-міністра Арсеня Яцанюка не прыняў прапановы расійскага кіраўніка, заявіўшы, што гэта план ратавання тэрарыстаў.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН