Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/04/724450_724451/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:55
04.09.2014 09:35 Палітыка

У размове з Меркель Парашэнка прадставіў план мірнага ўрэгулявання на Данбасе, які можа стаць асновай для перамоў у Мінску

Мінск, 4 верасня. План мірнага ўрэгулявання, які можа стаць асновай для перамоў кантактнай групы па Украіне ў Мінску 5 верасня, прадставіў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка ў тэлефоннай размове з канцлерам Германіі Ангелай Меркель вечарам у сераду.

Як паведаміла прэс-служба ўкраінскага кіраўніка, Парашэнка выказаў надзею, што прапановы адносна рэжыму спынення агню будуць увасобленыя ўсімі бакамі. Ён "падтрымаў гатоўнасць расійскага боку да рэалізацыі сумеснага плана дзеянняў па мірным урэгуляванні". Парашэнка перакананы, што план дзеянняў павінен утрымліваць "узаемныя абавязацельствы адносна рэжыму двухбаковага спынення агню, яго маніторынгу і верыфікацыі з боку АБСЕ, вывад усіх замежных войскаў з тэрыторыі Украіны, увядзенне буфернай пагранічнай зоны, вызваленне ўсіх заложнікаў і грамадзян Украіны, якія незаконна ўтрымліваюцца на тэрыторыі РФ".

Парашэнка паведаміў канцлеру Германіі, "што ён разлічвае на тое, што такі сумесны план дзеянняў можа стаць асновай для кансультацый трохбаковай кантактнай групы, якая збярэцца 5 верасня ў Мінску".

"У канцы размовы Пётр Парашэнка і Ангела Меркель скаардынавалі пазіцыі напярэдадні саміта НАТА, які адбудзецца 4—5 верасня ў Ньюпарце", — гаворыцца ў паведамленні.

Раней у гэты ж дзень прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, які знаходзіцца з візітам у Манголіі, назваў сем пунктаў свайго плана ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. Сярод прапаноў: "спыніць актыўныя наступальныя аперацыі ўзброеных сіл, узброеных фарміраванняў, апалчэння паўднёвага ўсходу Украіны на данецкім і луганскім напрамках", "адвесці ўзброеныя падраздзяленні сілавых структур Украіны на адлегласць, якая выключае магчымасць абстрэлу населеных пунктаў артылерыяй і ўсімі відамі сістэм залпавага агню", "прадугледзець ажыццяўленне паўнацэннага і аб'ектыўнага міжнароднага кантролю за выкананнем умоў спынення агню і маніторынгам абстаноўкі ў стваранай такім чынам зоне бяспекі".

Прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк заявіў, што план Пуціна "дзіўным чынам нагадвае план ратавання для расійскіх тэрарыстаў".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН