Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/04/724486_724487/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:10
04.09.2014 11:59 Палітыка

У Мінску рыхтуюцца да новай сустрэчы кантактнай групы па Украіне

Мінск, 4 верасня. У Мінску рыхтуюцца да правядзення новай сустрэчы кантактнай групы па Украіне, а ў Маскве спадзяюцца, што на перамовах будзе прыняты план Уладзіміра Пуціна па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу.
Міністэрства замежных спраў Беларусі рыхтуецца да правядзення чарговай сустрэчы кантактнай групы па Украіне ў Мінску, заявіў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык на брыфінгу 4 верасня. "Намі праводзіцца неабходная падрыхтоўка мерапрыемства. МЗС прымае заяўкі на акрэдытацыю", — сказаў ён.

Ні дату правядзення сустрэчы, ні магчымы склад удзельнікаў Мірончык не назваў.

Між тым, як неаднаразова паведамлялі раней прадстаўнікі Расіі, Украіны і АБСЕ, чарговае пасяджэнне кантактнай групы пройдзе ў Мінску 5 верасня ў фармаце Украіна — Расія — сепаратысты Данбаса — АБСЕ.

Як заявіў 4 верасня на сустрэчы са старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ Ілкам Канервам у Маскве міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, расійскі бок спадзяецца, што заклікі, якія выкладзеныя ў плане мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, прапанаваным Уладзімірам Пуціным, будуць пачутыя ў Кіеве, Луганску і Данецку.

"Спадзяемся, што заклікі будуць пачутыя перш за ўсё ў Кіеве, Луганску і Данецку. Будзем гатовы разам з АБСЕ ў межах кантактнай групы дапамагаць супрацьборным бакам у практычным плане прасоўвацца па шляху стабілізацыі абстаноўкі", — цытуе Лаўрова ИТАР-ТАСС.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 3 верасня выказаў надзею на тое, што на чарговай сустрэчы ў Мінску кантактная група пачне перамовы аб працэсе мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях, а таксама будуць прынятыя рэальныя крокі для дасягнення міру.

"Я ўскладаю велізарную надзею на тое, што ў пятніцу ў Мінску будзе, нарэшце, пачаты мірны працэс", — сказаў Парашэнка. Ён падкрэсліў, што Украіна не давала ніякай падставы для таго, каб справакаваць супраць сябе агрэсію. "Увесь свет ведае, што Украіна з'яўляецца краінай, якая дакладна прытрымліваецца абавязацельстваў, міжнароднага права і якая сёння з'яўляецца аб'ектам агрэсіі з боку суседняй дзяржавы", — падкрэсліў украінскі лідар.

Ён нагадаў пра сваю тэлефонную размову з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным, у ходзе якой абмяркоўваліся меры па ўрэгуляванні крызісу на ўсходзе Украіны.

Як паведамлялася раней, размова Парашэнкі з Пуціным адбылася 3 верасня. У той жа дзень прэзідэнт РФ абвясціў свой план мірнага ўрэгулявання, які складаецца з сямі пунктаў. Ён, у прыватнасці, прадугледжвае адвядзенне ўзброеных падраздзяленняў сілавых структур Украіны на паўднёвым усходзе краіны "на адлегласць, якая выключае магчымасць абстрэлу населеных пунктаў артылерыяй і ўсімі відамі сістэм залпавага агню". Прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк адхіліў прапановы расійскага кіраўніка, назваўшы іх "планам ратавання тэрарыстаў".

Свой план мірнага ўрэгулявання прадставіў вечарам 3 верасня ў тэлефоннай размове з канцлерам Германіі Ангелай Меркель і прэзідэнт Парашэнка. На яго думку, гэты план можа стаць асновай для перамоў кантактнай групы ў Мінску 5 верасня.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН