Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/04/724658_724659/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:59
04.09.2014 17:36 Палітыка

Парашэнка заяўляе пра магчымае спыненне агню на паўднёвым усходзе Украіны

Мінск, 4 верасня. Прэзідэнт Украіны дапускае магчымасць двухбаковага спынення агню на паўднёвым усходзе краіны, калі на пасяджэнні кантактнай групы па Украіне ў Мінску 5 верасня будзе дасягнутая згода па ўвядзенні мірнага плана. Пра гэта Пётр Парашэнка заявіў у Ньюпарце (Вялікабрытанія) паводле вынікаў сустрэчы з пяцёркай сусветных лідараў.

"У пятніцу а 14-й гадзіне павінна адбыцца пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы, на якой павінен быць падпісаны дакумент, што прадугледжвае этапнасць укаранення мірнага плана. І першым элементам у ім будзе спыненне агню", — цытуе Парашэнку з Ньюпарта карэспандэнт "Европейской правды".

Калі сустрэча адбудзецца, дадаў прэзідэнт Украіны, ён дасць даручэнне кіраўніцтву Генеральнага штаба аб спыненні агню. "І мы спадзяемся, што імплементацыя мірнага плана будзе пачатая ўжо заўтра", — сказаў Парашэнка.

У той жа час, паведаміў ён, з лідарамі вядучых краін НАТА ўзгоднена, што ў выпадку зрыву перамоў можа быць запушчаны іншы варыянт. Парашэнка назваў яго "рашучымі дзеяннямі". "Калі гэтага не адбудзецца, то верагоднасць нашых рашучых дзеянняў па дээскалацыі канфлікту з`яўляецца вельмі высокай, але мы жадаем міру", — сказаў ён.

У сваю чаргу прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін заявіў 4 верасня расійскаму агенцтву Интерфакс пра гатоўнасць абмяркоўваць у Мінску паэтапны мірны план. "Мы гатовы абмяркоўваць парадак дня, якія пытанні будуць разглядацца, у тым ліку разгледзім і пытанне прыняцця паэтапнага мірнага плана, калі такі будзе заяўлены. Аднак пакуль мне пра гэты план нічога невядома", — сказаў Пургін.

Чакаецца, што пасяджэнне кантактнай групы па Украіне ў Мінску пройдзе ў тым жа складзе, што і 1 верасня. Тады ад украінскага боку ў перамовах удзельнічаў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскага — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік — Андрэй Пургін і Аляксей Каракін адпаведна.

Плануецца, што ўдзельнікам перамоў будуць пададзеныя планы па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, прапанаваныя Пятром Парашэнкам і прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Пуцін сам абвясціў свой план, знаходзячыся 3 верасня з візітам у Манголіі. Ён складаецца з сямі пунктаў, якія прадугледжваюць: спыненне актыўных наступальных аперацый узброеных сіл, узброеных фарміраванняў, апалчэння паўднёвага ўсходу Украіны на данецкім і луганскім напрамках; адвод узброеных падраздзяленняў сілавых структур Украіны на адлегласць, якая выключае магчымасць абстрэлу населеных пунктаў; ажыццяўленне паўнавартаснага і аб`ектыўнага міжнароднага кантролю за выкананнем умоў спынення агню і маніторынгам становішча; выключэнне прымянення баявой авіяцыі супраць мірных грамадзян і населеных пунктаў у зоне канфлікту; арганізацыю абмену асоб, якія сілай утрымліваюцца, згодна з формулай "ўсіх на ўсіх" без якіх-небудзь папярэдніх умоў; адкрыццё гуманітарных калідораў для бежанцаў і дастаўкі гуманітарных грузаў у Данецкую і Луганскую вобласці; забеспячэнне магчымасці накіравання ў пацярпелыя раёны Данбаса рамонтных брыгад для аднаўлення разбураных аб`ектаў.

Прэм`ер-міністр Украіны Арсен Яцанюк назваў гэтыя ініцыятывы "планам ратавання для расійскіх тэрарыстаў".

Свой план мірнага ўрэгулявання прапанаваў вечарам 3 верасня ў тэлефоннай гутарцы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель і прэзідэнт Парашэнка. Паводле яго пераканання, план дзеянняў павінен утрымліваць "узаемныя абавязацельствы адносна рэжыму двухбаковага спынення агню, яго маніторынгу і верыфікацыі з боку АБСЕ, вывядзенне ўсіх замежных войскаў з тэрыторыі Украіны, увядзенне буфернай пагранічнай зоны, вызваленне ўсіх заложнікаў і грамадзян Украіны, якія незаконна знаходзяцца на тэрыторыі РФ". Паводле слоў Парашэнкі, ён разлічвае на тое, што такі план можа стаць асновай для кансультацый кантактнай групы 5 верасня ў Мінску.

Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН