Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/04/724663_724664/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:37
04.09.2014 17:44 Палітыка

Сустрэча кантактнай групы па Украіне пройдзе 5 верасня ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі"

Мінск, 4 верасня. Чарговая сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ — сепаратысты Данбаса пройдзе 5 верасня ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі".

Акрэдытаваных журналістаў збіраюць у "Прэзідэнт-гатэлі" ў 13.00. Чакаецца, што перамовы пачнуцца ў 14.00.

"У пятніцу ў 14 гадзін павінна адбыцца пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы, на якой павінен быць падпісаны дакумент, які прадугледжвае этапнасць укаранення мірнага плана. І першым элементам у ім будзе спыненне агню", — заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 4 верасня ў Ньюпарце (Вялікабрытанія) па выніках сустрэчы з пяцёркай сусветных лідараў краін НАТА.

Калі сустрэча ў Мінску адбудзецца, дадаў прэзідэнт Украіны, ён дасць даручэнне кіраўніцтву Генеральнага штаба аб спыненні агню. "І мы спадзяемся, што імплементацыя мірнага плана будзе пачата ўжо заўтра", — сказаў Парашэнка.

У той жа час, паведаміў ён, з лідарамі вядучых краін НАТА ўзгоднена, што ў выпадку зрыву перамоў можа быць запушчаны іншы варыянт. Парашэнка назваў яго "рашучымі дзеяннямі". "Калі гэтага не адбудзецца, то верагоднасць нашых рашучых дзеянняў па дээскалацыі канфлікту з'яўляецца вельмі высокай, але мы жадаем міру", — сказаў ён.

Чакаецца, што заўтрашняе пасяджэнне кантактнай групы пройдзе ў тым жа складзе, што і 1 верасня. Тады ўкраінскі бок на перамовах прадстаўляў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі — Андрэй Пургін і Аляксей Каракін адпаведна.

Плануецца, што ўдзельнікам перамоў будуць прадстаўлены планы па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, прапанаваныя Пятром Парашэнкам і прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН