Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/04/724717_724719/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:16
04.09.2014 20:49 Палітыка

Парашэнка: Украіна "з асцярожным аптымізмам" чакае вынікаў сустрэчы кантактнай групы ў Мінску

Мінск, 4 верасня. Украіна "з асцярожным аптымізмам" чакае вынікаў чарговай сустрэчы кантактнай групы, якая збярэцца 5 верасня ў Мінску. Такую заяву зрабіў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка ў чацвер у Вялікабрытаніі на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром ЗША Джонам Кэры ў рамках саміту НАТО.

Паводле інфармацыі прэс-службы ўкраінскага кіраўніка, Парашэнка выказаў падзяку за паслядоўную і салідарную пазіцыю, трывалую падтрымку, якую Злучаныя Штаты аказваюць Украіне ў кантэксце процідзеяння агрэсіі. "Гэта — наша барацьба за свабоду і незалежнасць, і ўкраінцы высока цэняць падтрымку ЗША", — сказаў прэзідэнт.

Парашэнка праінфармаваў Кэры "аб захадах, якія робіць украінскі бок для мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях", у прыватнасці, аб пакеце прапаноў да пасяджэння кантактнай групы, што падрыхтавала Украіна.

Джон Кэры падкрэсліў, што ЗША і надалей будуць падтрымліваць усімі сродкамі незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, а таксама будуць настойліва працаваць для кансалідацыі міжнародных намаганняў у падтрымку Украіны.

"Мы спадзяёмся на рэальнае спыненне агню, на тое, што расійскія войскі пакінуць Украіну", — заявіў Кэры.

Раней Парашэнка не выключыў спынення агню, калі на сустрэчы ў Мінску будзе прыняты яго план мірнага ўрэгулявання. Ключавыя пункты — двухбаковае спыненне агню і вывад расійскіх войскаў з Луганскай і Данецкай абласцей. У той жа час, паведаміў ён, з лідарамі вядучых краін НАТА ўзгоднена, што ў выпадку зрыву перамоў можа быць запушчаны іншы варыянт. Парашэнка назваў яго "рашучымі дзеяннямі".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН