Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/05/724740_by2345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:37
05.09.2014 08:20 Палітыка

У Мінску пройдзе сустрэча кантактнай групы па Украіне

Мінск, 5 верасня. Чарговая сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ — сепаратысты Данбаса пройдзе сёння ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі". Чакаецца, што перамовы пачнуцца ў 14.00.

Нагадаем, папярэдняе пасяджэнне кантактнай групы адбылося ў Мінску 1 верасня. Украінскі бок на ім прадстаўляў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі — Андрэй Пургін і Аляксей Каракін адпаведна.

Мяркуецца, што ў гэтым жа складзе пасяджэнне групы пройдзе і сёння. Яго ўдзельнікам павінны быць прадстаўлены планы па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, прапанаваныя ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам і яго расійскім калегам Уладзімірам Пуціным.

Пуцін сам агучыў свой план падчас візіту ў Манголію 3 верасня. План складаецца з сямі пунктаў:

1. Спыніць актыўныя наступальныя аперацыі ўзброеных сіл, узброеных фарміраванняў, апалчэння паўднёвага ўсходу Украіны на данецкім і луганскім кірунках.

2. Адвесці ўзброеныя падраздзяленні сілавых структур Украіны на адлегласць, якая выключае магчымасць абстрэлу населеных пунктаў артылерыяй і ўсімі відамі сістэм залпавага агню.

3. Прадугледзець ажыццяўленне паўнавартаснага і аб'ектыўнага міжнароднага кантролю за выкананнем умоў спынення агню і маніторынгам становішча ў стваранай такім чынам зоне бяспекі.

4. Забараніць прымяненне баявой авіяцыі супраць мірных грамадзян і населеных пунктаў у зоне канфлікту.

5. Арганізаваць абмен асоб, якія гвалтоўна ўтрымліваюцца, паводле формулы "ўсіх на ўсіх" без якіх-небудзь папярэдніх умоў.

6. Адкрыць гуманітарныя калідоры для перамяшчэння бежанцаў і дастаўкі гуманітарных грузаў у гарады і іншыя населеныя пункты Данбаса — Данецкую і Луганскую вобласці.

7. Забяспечыць магчымасць накіравання ў пацярпелыя населеныя пункты Данбаса рамонтных брыгад для аднаўлення разбураных аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры жыццезабеспячэння, аказання дапамогі ім у падрыхтоўцы да зімы".

Прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк назваў гэтыя ініцыятывы "планам ратавання для расійскіх тэрарыстаў".

Свой план мірнага ўрэгулявання прадставіў вечарам 3 верасня ў тэлефоннай гутарцы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель і Пётр Парашэнка. Паводле яго пераканання, план павінен утрымліваць "узаемныя абавязацельствы адносна рэжыму двухбаковага спынення агню, яго маніторынгу і верыфікацыі з боку АБСЕ, вывад усіх замежных войскаў з тэрыторыі Украіны, увядзенне буфернай пагранічнай зоны, вызваленне ўсіх заложнікаў і грамадзян Украіны, якія незаконна знаходзяцца на тэрыторыі РФ".

Паводле слоў Парашэнкі, ён разлічвае на тое, што такі план можа стаць асновай для кансультацый кантактнай групы 5 верасня ў Мінску.

"У пятніцу ў 14 гадзін павінна адбыцца пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы, на якой павінен быць падпісаны дакумент, які прадугледжвае этапнасць укаранення мірнага плана. І першым элементам у ім будзе спыненне агню", — заявіў прэзідэнт Украіны 4 верасня ў Ньюпорце (Вялікабрытанія) па выніках сустрэчы з пяцёркай сусветных лідараў краін НАТА. Калі сустрэча ў Мінску адбудзецца, дадаў Парашэнка, ён дасць Генштабу даручэнне аб спыненні агню. "І мы спадзяёмся, што імплементацыя мірнага плана будзе пачата ўжо заўтра", — сказаў украінскі лідар.

У той жа час, дадаў ён, з лідарамі вядучых краін НАТА ўзгоднена, што ў выпадку зрыву перамоў можа быць запушчаны іншы варыянт. Парашэнка назваў яго "рашучымі дзеяннямі". "Верагоднасць нашых рашучых дзеянняў па дээскалацыі канфлікту з'яўляецца вельмі высокай, але мы хочам міру", — падкрэсліў Парашэнка.

У Маскве ў сваю чаргу разлічваюць, што на сённяшніх перамовах у Мінску "будуць пачутыя заклікі", выкладзеныя ў прапанаваным Пуціным плане. Аб гэтым заявіў напярэдадні сустрэчы кантактнай групы міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН