Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/05/724837_724838/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:43
05.09.2014 13:07 Палітыка

Удзельнікі кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне прыбылі ў Мінск

Мінск, 5 верасня. Удзельнікі кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, пасяджэнне якой пройдзе 5 верасня ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі", прыбылі ў беларускую сталіцу.

"Удзельнікі перамоў у межах трохбаковай кантактнай групы Украіна — Расія — АБСЕ прыбылі ў Мінск", — паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі на сваім акаўнце ў "Твітэры".

Нагадаем, акрамя прадстаўнікоў Украіны, Расіі і АБСЕ ў пасяджэнні павінны ўдзельнічаць сепаратысты з самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

Чакаецца, што перамовы пачнуцца ў 14.00. Мяркуецца, што ўдзельнікам сустрэчы будуць прадстаўлены два планы па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту ва Украіне, прапанаваныя ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам і яго расійскім калегам Уладзімірам Пуціным.

Напярэдадні ўкраінскі лідар заявіў, што на пасяджэнні ў Мінску плануецца падпісаць дакумент, які прадугледжвае паэтапнае ўкараненне мірнага плана. "І першым элементам у ім будзе спыненне агню", — падкрэсліў Парашэнка.

У той жа час, дадаў ён, з лідарамі вядучых краін НАТА ўзгоднена, што ў выпадку зрыву перамоў можа быць запушчаны іншы варыянт. Парашэнка назваў яго "рашучымі дзеяннямі".

Папярэдняе пасяджэнне кантактнай групы адбылося ў Мінску 1 верасня. Украінскі бок на ім прадстаўляў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, самаабвешчаныя ДНР і ЛНР — Андрэй Пургін і Аляксей Каракін адпаведна. Чакаецца, што ў такім жа складзе група збярэцца і сёння.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН