Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/05/724863_724864/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:35
05.09.2014 14:09 Палітыка

У Мінску пачалося пасяджэнне кантактнай групы па Украіне

Мінск, 5 верасня. У мінскім "Прэзідэнт-гатэлі" пачалося пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ — сепаратысты Данбаса.
Украінскі бок на перамовах прадстаўляе былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі — прэм`ер-міністр ДНР Аляксандр Захарчанка і віцэ-прэм`ер Андрэй Пургін, а таксама прэм`ер ЛНР Ігар Платніцкі і старшыня Вярхоўнага савета самаабвешчанай рэспублікі Аляксей Каракін.

Удзельнікам сустрэчы павінны быць прэзентаваныя планы па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту ва Украіне, прапанаваныя ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам і яго расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. 

Напярэдадні ўкраінскі лідар заявіў, што на пасяджэнні ў Мінску плануецца падпісаць дакумент, які прадугледжвае паэтапнае ўкараненне мірнага плана. "І першым элементам у ім будзе спыненне агню", — падкрэсліў Парашэнка.

Перад пачаткам сённяшняга пасяджэння Леанід Кучма заявіў журналістам: "Мы прыехалі за мірам. Самае галоўнае, што размова павінна ісці не пра перамір`е, а пра тое, што трэба зрабіць з усіх бакоў, каб мы спынілі забіваць адзін аднаго". На пытанне, ці будуць паводле вынікаў сённяшняй сустрэчы падпісаны нейкія дакументы, ён адказаў, што з украінскага боку ніякіх перашкод для гэтага няма. "Калі і іншыя бакі гэтак жа настроены, то падпішам", — сказаў Кучма.

У сваю чаргу Міхаіл Зурабаў заявіў журналістам, што разлічвае на падпісанне дакументаў паводле вынікаў перамоў. 

Прадстаўнік АБСЕ, а таксама сепаратысты размаўляць з журналістамі перад пачаткам пасяджэння не сталі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН