Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/05/724877_724878/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:41
05.09.2014 16:04 Палітыка

Прадстаўнікі ДНР і ЛНР прывезлі ў Мінск свой мірны план

Мінск, 5 верасня. На перамовы кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, якія 5 верасня праходзяць у Мінску, прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік прывезлі свой мірны план, паведамляе агенцтва Новороссия (Данецк).

На сайце агенцтва ўказана, што Новороссия з`яўляецца "афіцыйным інфармацыйна-аналітычным агенцтвам федэральнай рэспублікі Наваросія".

Паведамляецца, у прыватнасці, што распрацаваны прадстаўнікамі ДНР і ЛРН мірны план прадугледжвае не толькі спыненне баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны, але і забарону на палёты баявой авіяцыі над тэрыторыяй Данбаса.

Прадугледжаны маніторынг назіральнікамі АБСЕ становішча ў зоне канфлікту. "Для гэтага неабходна раздзяліць зону бяспекі на пяць сектараў, у кожным з якіх будзе знаходзіцца група назіральнікаў колькасцю да 40 чалавек, а таксама 3-4 стацыянарныя і 2-3 перасоўныя назіральныя пасты са сродкамі сувязі, назірання і відэафіксацыі", — адзначаецца ў паведамленні агенцтва.

Пасяджэнне кантактнай групы праходзіць гэтым часам у мінскім "Прэзідэнт-гатэлі". Украінскі бок на перамовах прадстаўляе былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі — прэм`ер-міністр ДНР Аляксандр Захарчанка і віцэ-прэм`ер Андрэй Пургін, а таксама прэм`ер ЛНР Ігар Платніцкі і старшыня Вярхоўнага савета самаабвешчанай рэспублікі Аляксей Каракін.

Удзельнікам сустрэчы павінны быць прэзентаваныя планы па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту ва Украіне, прапанаваныя ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам і яго расійскім калегам Уладзімірам Пуціным.

План Пуціна, які абвясціў ён сам падчас візіту ў Манголію 3 верасня, утрымлівае сем пунктаў. У іх ліку: "спыніць актыўныя наступальныя аперацыі ўзброеных сіл, узброеных фарміраванняў, апалчэння паўднёвага ўсходу Украіны на данецкім і луганскім напрамках"; "адвесці ўзброеныя падраздзяленні сілавых структур Украіны на адлегласць, якая выключае магчымасць абстрэлу населеных пунктаў артылерыяй і ўсімі відамі сістэм залпавага агню"; "прадугледзець ажыццяўленне паўнавартаснага і аб`ектыўнага міжнароднага кантролю за выкананнем умоў спынення агню і маніторынгам становішча ў стваранай такім чынам зоне бяспекі".

Прэм`ер-міністр Украіны Арсен Яцанюк назваў гэты план "планам ратавання расійскіх тэрарыстаў".

Парашэнка лічыць, што мірны план павінен утрымліваць "узаемныя абавязацельствы адносна рэжыму двухбаковага спынення агню, яго маніторынгу і верыфікацыі з боку АСЕ, вывад усіх замежных войскаў з тэрыторыі Украіны, увядзенне буфернай пагранічнай зоны, вызваленне ўсіх заложнікаў і грамадзян Украіны, якія незаконна ўтрымліваюцца на тэрыторыі РФ".

4 верасня паводле вынікаў сустрэчы з пяцёркай сусветных лідараў краін НАТА ў Ньюпарце (Вялікабрытанія) Пётр Парашэнка заявіў пра магчымае двухбаковае спыненне агню на паўднёвым усходзе Украіны, калі на пасяджэнні кантактнай групы ў Мінску будзе дасягнутая згода па ўвядзенні мірнага плана.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН