Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/05/724893_724894/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 09:44
05.09.2014 16:33 Палітыка

У Мінску падпісаны пратакол аб спыненні агню на паўднёвым усходзе Украіны з 18.00 сённяшняга дня

Мінск, 5 верасня. У Мінску падпісаны пратакол аб спыненні агню на паўднёвым усходзе Украіны з 18.00 5 верасня. Аб гэтым паведаміла журналістам прадстаўнік АБСЕ Адэльхейд Тальявіні ў ходзе перамоў кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.
"У нас ёсць добрая навіна — мы падпісалі пратакол аб неадкладным спыненні агню сёння з 18.00", — сказала яна.

Прэм`ер-міністр самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі пацвердзіў: "Народныя рэспублікі доўга абмяркоўвалі гэта пытанне. Гатовыя з 18.00 да двухбаковага спынення агню".

Пры гэтым ён падкрэсліў: пагадненне аб спыненні агню "не азначае, што гэта з`яўляецца змяненнем курсу нашага, што курс на аддзяленне закончыцца". "Гэта толькі меры, каб спыніць праліваць кроў", — заявіў Платніцкі.

У сваю чаргу прэм`ер-міністр Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка адзначыў, што падпісанне сённяшняга пагаднення "дапаможа захаваць жыцці людзей, не толькі мірных грамадзян, але і тых, хто са зброяй у руках адстойвае свае ідэалы".

Пасля таго як журналістам паведамілі аб падпісанні пратакола, перамовы кантактнай групы прадоўжыліся. Нагадаем, украінскі бок на іх прадстаўляў былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, расійскі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЕ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, сепаратыстаў Данбаса — прэм`ер-міністр ДНР Аляксандр Захарчанка і віцэ-прэм`ер Андрэй Пургін, а таксама прэм`ер ЛНР Ігар Платніцкі і старшыня Вярхоўнага савета самаабвешчанай рэспублікі Аляксей Каракін.

Як паведамлялася раней, свае мірныя планы ў Мінск прывезлі прадстаўнікі трох бакоў — Украіны, Расіі і Данбаса.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН