Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/05/724923_724924/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:03
05.09.2014 18:02 Палітыка

Дональд Туск асцярожна ацэньвае абвешчаныя ў Мінску дамоўленасці аб спыненні агню на Данбасе

Мінск, 5 верасня. Абраны на пасаду прэзідэнта Савета Еўрапейскага саюза прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск асцярожна ацэньвае абвешчаныя сёння ў Мінску дамоўленасці аб спыненні агню на Данбасе і заклікае дачакацца іх увасаблення ў жыццё.

"Расійская палітыка ў дачыненні да Украіны характарызавалася рэзкай зменай сцэнарыяў, невыкананнем абавязацельстваў ці дамоўленасцяў. Давайце пачакаем яшчэ трохі, каб пераканаўча гаварыць, што гэта пераломны момант", — цытуе Туска УНІАН.

"Мы павінны быць асцярожнымі ў ацэнцы гэтай падзеі", — дадаў ён, адзначыўшы, што нельга на сто працэнтаў верыць таму, што падпісваюць тэрарысты, за якімі стаіць Расія.

Дональд Туск таксама паведаміў, што нядаўна размаўляў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і кіраўніком украінскага ўрада Арсенам Яцанюком, якія, паводле яго слоў, прадэманстравалі гатоўнасць да "рацыянальных і спакойных гутарак" на тэму міру на Данбасе.

"Украінскія лідары робяць усё, каб не было вайны", — сказаў Туск і выказаў надзею, што сённяшнія дамоўленасці сапраўды прывядуць да яе спынення.

Нагадаем, удзельнікі кантактнай групы па Украіне паведамілі журналістам, што падпісалі сёння пратакол аб спыненні агню на паўднёвым усходзе Украіны з 18.00 5 верасня. Дакумент падпісалі прадстаўнікі Украіны і самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік падчас пасяджэння кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Пасля гэтага Пётр Парашэнка загадаў Генеральнаму штабу Украіны спыніць агонь у зоне антытэрарыстычнай аперацыі на паўднёвым усходзе краіны з 18.00, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Украіны.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН