Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/05/724951_724952/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:19
05.09.2014 19:42 Палітыка

Парашэнка: Перамір'е дасягнута на аснове павагі да суверэнітэту і цэласнасці Украіны

Мінск, 5 верасня. Рашэнне пра абвяшчэнне рэжыму спынення агню было прынята для ўсталявання міру на Данбасе, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў Ньюпорце (Вялікабрытанія), дзе праходзіць саміт НАТА.

"Рашэнне прыняў для ўсталявання стабільнага міру ў Данецкай і Луганскай абласцях", — прыводзіць словы Парашэнкі прэс-служба прэзідэнта. Ён падкрэсліў, што перамір'е дасягнута на аснове мірнага плана — павагі да суверэнітэту і цэласнасці Украіны.

Парашэнка нагадаў, што ў адпаведнасці з пратаколам, які быў падпісаны па выніках працы кантактнай групы ў Мінску сёння, спыненне агню аб'яўляецца з 18 гадзін па кіеўскім часе 5 верасня.

"Важна, што на працягу спынення агню палітычны дыялог будзе працягнуты", — сказаў украінскі кіраўнік.

Паводле яго слоў, дамоўленасць у Мінску вызначае дарожную карту ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе найбліжэйшым часам. Пратакол складаецца з 12 пунктаў.

Адным з галоўных патрабаванняў Парашэнка назваў вызваленне заложнікаў. "Мы плануем неўзабаве правесці абмен, пачынаючы ўжо з заўтрашняга дня", — сказаў прэзідэнт.

Акрамя таго, адзначыў ён, Кіеў гатовы забяспечыць значныя захады па дэцэнтралізацыі ўлады, адмысловы статус асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей адносна іх эканамічнай свабоды, гарантыю свабоднага выкарыстання моў і культурных традыцый.

Усе гэтыя пункты ёсць у мірным плане, падкрэсліў Парашэнка.

Ён назваў сімвалічным той факт, што такая дамоўленасць дасягнута ў той жа час, калі праходзіў саміт НАТА, на якім прыняты важныя для Украіны рашэнні (аб пастаўках зброі і дапамогі ў мадэрнізацыі арміі. — БелаПАН.).

Паводле слоў Парашэнкі, у дакуменце ўлічаны дамоўленасці, якія былі дасягнуты падчас яго апошняй тэлефоннай гутаркі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Гэта з'яўляецца важным, улічваючы тое, што гэта перамір'е працягнецца доўга. Зараз гэта — наша агульная адказнасць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН