Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/06/725011_725012/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:22
06.09.2014 14:00 Палітыка

Лукашэнка: Падпісанне пратакола аб спыненні агню дае нясмелую надзею на ўсталяванне міру ў рэгіёне

Мінск, 6 верасня. У Беларусі з адабрэннем успрынята падпісанне 5 верасня ў Мінску кантактнай групай Украіна — Расія — АБСЕ пратакола аб спыненні агню паміж супрацьборствуючымі сіламі на ўсходзе Украіны, гаворыцца ў распаўсюджанай 6 верасня заяве Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з пачаткам мірнага працэсу па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу.
"Гэта доўгачаканая навіна ўсяляе хай і нясмелую, але надзею на ўсталяванне поўнага і беззваротнага міру ў гэтым рэгіёне", — адзначыў беларускі кіраўнік.

"Канфлікт у блізкай для нас славянскай дзяржаве быў апошнім часам самым хвалюючым, ён абмяркоўваўся ў міжнародным парадку дня. Бо пад пагрозу былі пастаўлены пытанні забеспячэння не толькі рэгіянальнай, але і міжнароднай бяспекі. Без перабольшання можна сказаць, што вайна рэальна замаячыла на парозе нашага агульнага еўрапейскага дома", — гаворыцца ў заяве.

"Трэба аддаць належнае ініцыятывам і прапановам у першую чаргу прэзідэнтаў Украіны і Расіі, — адзначыў Лукашэнка. — Менавіта дзякуючы іх прынцыповым дамоўленасцям на вышэйшым узроўні, дасягнутым у канцы жніўня на мінскай зямлі, быў пакладзены пачатак мірнаму працэсу".

Паводле яго меркаванні, фармат зносін Мытны саюз — Украіна — Еўрапейскі саюз дазволіў прыцягнуць да перагаворнага працэсу бакі, якія рэальна зацікаўленыя ў міры на ўкраінскай зямлі і ў Еўропе. Вельмі важнымі і своечасовымі былі і канкрэтныя прапановы прэзідэнта Казахстана па ўрэгуляванні канфлікту, лічыць беларускі кіраўнік. "Без усякага сумнення, без настойлівых намаганняў лідараў вядучых дзяржаў Еўрапейскага саюза было б немагчымым дасягненне перамір`я ва ўсходніх раёнах Украіны.", — падкрэсліў Лукашэнка

Ён лічыць, што "выключна важную ролю", адыграла кантактная група ў складзе Леаніда Кучмы, Міхаіла Зурабава, а таксама прадстаўнікоў апалчэння і АБСЕ. "Яна правяла сапраўды тытанічную працу і дасягнула згоды па пытаннях, вырашэнне якіх здавалася абсалютна немагчымым некаторы час таму, — гаворыцца ў заяве. — Праца кантактнай групы заслугоўвае сапраўднай падзякі і заахвочвання".

"Гэта, дарэчы, адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі і АБСЕ адыграла менавіта тую ролю, для якой яна і стваралася, і ўнесла свой пэўны ўнёсак у забеспячэнне рэгіянальнага міру і бяспекі", — заўважыў Лукашэнка.

"Мы ганарымся тым, што пачатак гэтаму мірнаму працэсу быў пакладзены ў Мінску, на беларускай зямлі. Мы і надалей будзем рабіць усё магчымае ў імя міру ў брацкай краіне. Нашы народы ўдосталь напакутаваліся ў войнах мінулага стагоддзя, і не хацелася б, каб такія пакуты паўтарыліся і ў стагоддзі цяперашнім", — гаворыцца ў заяве.

Лукашэнка адзначыў, што "сёння вестка аб дасягненні дамоўленасцяў аб спыненні агню паўсюль успрымаецца з радасцю і надзеяй". "Але мы павінны добра разумець, што гэта толькі першы крок на доўгім і цяжкім шляху. Неабходна пераадолець яшчэ масу нечаканасцяў і перашкод, каб працэс Мінскага міру стаў беззваротным", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы "перакананы, што працу кантактнай групы варта прадоўжыць, магчыма, надаць ёй больш паўнамоцтваў і падняць яе ўзровень для паспяховага ўвасаблення ў жыццё ўсіх дасягнутых дамоўленасцяў.

"Цяпер трэба ўсім уцягнутым бакам спыніцца і задумацца. Задумацца пра будучыню краіны і народа. Не разбуральная вайна, а толькі мірная стваральная праца забяспечыць дабрабыт дзяржавы і простага чалавека", — гаворыцца ў дакуменце.

"Узброены братазабойчы канфлікт у роднай для нас Украіне застанецца цяжкім калецтвам на целе ўкраінскага народа. Але гэта паступова забудзецца. У памяці людзей застануцца тыя, хто здолеў павярнуць кола вайны ў бок міру", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Андрэй Серада, БелаПАН

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН