Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/06/725017_725024/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:12
06.09.2014 15:11 Палітыка

Лукашэнку "прыводзяць у шаленства і нават прыгнятаюць" заявы аб тым, што ён зарабіў палітычныя дывідэнды на ўкраінскай тэме

Мінск, 6 верасня. Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальным зарабляць палітычныя дывідэнды на ўкраінскай тэме. "Страшна не люблю падобных рэчаў!" — заявіў ён у інтэрв`ю вядучаму праграмы "Вести в субботу" на тэлеканале "Расія 1" Сяргею Брылёву.
"І мы на гэтай тэме не ігралі. Гэта больш абыгрываецца ў вас, у Расіі, некаторымі "разумнымі", і ў нас апазіцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі, якія кажуць, што Лукашэнка атрымаў нейкія ад гэтага дывідэнды, выйшаў на сусветную арэну і іншае... Вось гэта мяне злуе. І нават прыгнятае, калі хочаце", — прыводзіць словы беларускага кіраўніка дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

"Адбыўся канфлікт, і нават не ў рэгіёне, у нас дома. Мы — славяне, учора жылі ў адным доме, можа, часам, і ў адной кватэры", — адзначыў ён.

"Гэта значыць мы належым аднаму славянскаму свету. І ў гэтым свеце ўспыхнуў пажар. Я гэта балюча і эмацыянальна ўспрымаю. І калі мне пачынаюць гаварыць аб тым, што вось нейкія дывідэнды… Глупства поўнае! На гэтым іграць ні ў якім разе нельга! Бяда ў людзей. І хто мы потым будзем, калі з гэтага будзем даставаць нейкія гарачыя галавешкі і выкарыстоўваць для сябе?" — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён вельмі добра ведае Украіну і ўкраінцаў і лічыць, што сярод насельніцтва няма агрэсіўнага дзялення на заходніх і ўсходніх. "Гэта таксама ўплывае на маю пазіцыю па Украіне. Так, захад і ў нас, і ва Украіне больш нацыяналістычны, больш арыентаваны (можа быць, я ўжо занадта жорстка фармулюю гэта) на Захад, яны былі доўга там. Але арыентаваны на Захад — не значыць, што яны жадаюць жыць у Польшчы ці на Захадзе. І там, і тут яны хочуць жыць у сваёй краіне", — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што не быў ініцыятарам сустрэчы, якая адбылася ў Мінску 26 жніўня. "Я проста зрабіў тое, чаго жадалі ўсе. Парашэнка хацеў у Мінску правесці гэты саміт. Ён у Расію б не паехаў, вы ж гэта разумееце. Гэта не я крычаў: давайце, прыязджайце ў Мінск. Гэта ідэя была Парашэнкі. І без Пуціна гэта сустрэча тут бы не адбылася", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Таму няма тут ніякай маёй заслугі, і іграць на гэтым і гаварыць: глядзіце, які я вялікі, і мяне Захад "палюбіў"… Захад ніколі, напэўна, Лукашэнку не палюбіць. Не, тое, што не палюбіць, — гэта дакладна, але і добразычлівым наўрад ці будзе", — дадаў ён.

Адказваючы на пытанне Брылёва аб тым, ці не спрабавалі еўрапейцы "прачытаць заадно якую-небудзь лекцыю старога ўзору", Лукашэнка падкрэсліў, што "нават намёку не было". "Усе яны добра разумеюць, асабліва Эштан, што адбываецца вакол. Наадварот, яна мне, сустракаючыся тут, кажа: "Спадар прэзідэнт, вы б не пагадзіліся быць старшынёй на гэтай сустрэчы?" — сказаў ён.

"Я кажу, што, паколькі гаспадар на гэтай пляцоўцы, паспрабую дэмакратычна ўсё зрабіць, каб ніхто не заўважыў нават старшынства нейкага. Я выступіў і прапанаваў усім выступіць. А далей усё ішло сваім парадкам. І нягледзячы на тое што не было афіцыйна старшыні, мы яго не абіралі, ніхто не спрачаўся, не лаяўся, не біўся за сталом. Усё выдатна прайшло. Гэта значыць я, груба кажучы, сыграў сваю ролю так, як усе хацелі", — адзначыў Лукашэнка.

"Таму паверце, не было тут нічога такога, каб падняцца за кошт гэтага на міжнароднай арэне. Дый гэта і немагчыма было б, калі б не было згоды Парашэнкі і Пуціна штосьці зрабіць на гэтай мінскай пляцоўцы. Першым чынам, іх двух, таму што без іх, без іх волі, без іх жадання які тут саміт мог быць?" — заявіў ён.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН