Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/06/725019_725020/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 09:41
06.09.2014 15:30 Палітыка

Лукашэнка: Рэгіёны Украіны павінны атрымаць большую самастойнасць

Мінск, 6 верасня. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рэгіёнам Украіны варта даць большую самастойнасць, замацаваўшы гэта ў Канстытуцыі. Такую думку ён выказаў у інтэрв`ю вядучаму праграмы "Вести в субботу" на тэлеканале "Расія 1" Сяргею Брылёву.

"Я слухаў і Уладзіміра Уладзіміравіча, і Парашэнку, шмат з імі сустракаўся, і мы абмяркоўвалі гэту праблему. Вы, расіяне, гаворыце пра федэралізацыю, тыя гавораць пра дэцэнтралізацыю. Я кажу: слухайце, давайце разбярэмся — а якая тут розніца? Ніякай! Проста ў назве!" — прыводзіць словы беларускага кіраўніка дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

"Усё сыходзіцца да таго, што рэгіёны Украіны павінны атрымаць большую самастойнасць. Якую? Трэба сесці за стол і дамовіцца, і ў Канстытуцыі гэта замацаваць. А як абазваць — будзе дэцэнтралізацыя ці федэралізацыя, ці аўтаномію хтосьці атрымае — гэта справа дваццаць пятая. Але пра гэта потым гавораць, не пад грукат кананад, гармат і роў рэактыўных самалётаў", — заявіў ён.

"Таму ўсё пытанне ў тым, каб спыніць бойню. Калі гэта ўсё ўладзіцца — жыццё ўсё расставіць на свае месцы", — дадаў Лукашэнка

"Калісьці Барыс Мікалаевіч Ельцын, памятаеце, сказаў: "Бярыце суверэнітэту, колькі жадаеце". Ну і ўсе набраліся. І дзе сёння гэты суверэнітэт у Расіі? Няма яго. Таму што жыццё ўсё гэта адшліфавала, і расіяне зразумелі, што трэба бліжэй у гэтым свеце быць адзін да аднаго. Гэтак жа будзе і ва Украіне. Чаго сёння чапляцца за нейкія фармулёўкі? У трэці раз вам кажу: жыцці старых і дзяцей — гэта найбольшыя каштоўнасці, усё астатняе нічога не значыць", — заявіў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што гатовы ў гэтым плане рабіць усё, што ў яго папросяць.

"А для беларусаў галоўнае — каб было ціха, спакойна, каб мы як з вамі, так і з імі гандлявалі, абменьваліся паездкамі, і каб бяда гэта не перайшла наш парог. Гэта і Расію трывожыць, і Украіну", — сказаў ён.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН