Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/08/725129/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:32
08.09.2014 09:49 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Удзельнікі кантактнай групы па Украіне плануюць сустрэцца праз 7-8 дзён

Мінск, 8 верасня. Удзельнікі кантактнай групы па Украіне, сустрэча якой адбылася 5 верасня ў Мінску, папярэдне дамовіліся сустрэцца праз 7-8 дзён. Як перадае РІА Новости, аб гэтым паведаміў прэм'ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Аляксандр Захарчанка ў эфіры "Коммерсантъ ФМ".

У межах пасяджэння трохбаковай кантактнай групы (Расія — Украіна — АБСЕ) па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу 5 верасня ў Мінску кіеўскія ўлады і самаабвешчаныя Данецкая і Луганская народныя рэспублікі дасягнулі шэрагу дамоўленасцяў, у першую чаргу аб спыненні агню на ўсходзе Украіны. Асноўныя палажэнні перамір'я ўстанаўліваюць спыненне баявых дзеянняў і абмен палоннымі. Пры гэтым супрацьборныя бакі, у адпаведнасці з падпісанымі пагадненнямі, павінны былі заставацца на пазіцыях, якія займалі на момант абвяшчэння аб спыненні агню. Аднак ужо з суботы абодва бакі заяўлялі пра парушэнне рэжыму спынення агню.

"Папярэдне дамовіліся праз 7-8 дзён ізноў сустрэцца. Яны павінны выказаць свае пажаданні. <…> Паводле папярэдняй дамоўленасці, будзе пашыраная група. З апарата прэзідэнта Украіны павінны былі прыехаць людзі. Прозвішчаў яшчэ не ведаю — у працэсе [узгаднення]. Ад Данецка-Луганска ў любым выпадку будзе [віцэ-прэм'ер ДНР Андрэй] Пургін, [кіраўнік парламента ЛНР Аляксей] Каракін. Калі зразумеем, хто будзе з боку Украіны, тады будзем глядзець — або я, або я туды, можа быць, проста не паеду. Ад Расіі — [пасол РФ ва Украіне Міхаіл] Зурабаў", — заявіў Захарчанка.

Паводле яго слоў, прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік на запланаванай сустрэчы будуць дамагацца незалежнасці. Захарчанка падкрэсліў, што пункт пра адмысловы статус у Мінскім пратаколе не канчатковы.

У сустрэчы 5 верасня ўдзельнічалі пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, прэм'ер Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка, прэм'ер Луганскай народнай рэспублікі Ігар Плотніцкі, кіраўнік парламента ЛНР Аляксей Каракін і віцэ-прэм'ер ДНР Андрэй Пургін. Кіеў на перамовах прадстаўляў экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма. Ад АБСЕ прысутнічала афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Хайдзі Тальявіні.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН