Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/08/725208_725218/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:31
08.09.2014 14:05 Эканоміка, Фінансы

АБСЕ праводзіць відэаканферэнцыю з удзелам прадстаўнікоў Украіны і самаабвешчаных ДНР і ЛНР

Мінск, 8 верасня. 8 верасня АБСЕ арганізуе відэаканферэнцыю з удзелам прадстаўнікоў Украіны і самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік для арганізацыі паставак гуманітарнай дапамогі і абмену палоннымі. Аб гэтым паведаміў у панядзелак старшыня пастаяннага савета АБСЕ, пастаянны прадстаўнік Швейцарыі Томас Грэмінгер, перадае з Вены ІТАР-ТАСС.

Паводле слоў Грэмінгера, кансультацыі пройдуць пад эгідай кантактнай групы Украіна — АБСЕ — Расія. "Чакаем, што сёння будзе праведзена відэаканферэнцыя з удзелам Кіева і прадстаўнікоў нелегальных узброеных фарміраванняў. Трэба вырашаць праблемы з гуманітарнай дапамогай і з абменам палоннымі", — сказаў кіраўнік пастаяннага савета АБСЕ.

Падчас відэаканферэнцыі кіраўніцтва ДНР мае намер абмеркаваць з удзельнікамі кантактнай групы па Украіне пытанне выканання перамір'я і абмену палоннымі, паведаміў агенцтву "Інтэрфакс" першы віцэ-прэм'ер ДНР Андрэй Пургін. "Відэаканферэнцыя прызначана сёння на 14.00. Будзем абмяркоўваць тэхнічныя рабочыя пытанні, у тым ліку — выкананне шэрагу фармальнасцяў пры абмене палоннымі, тэхнічныя моманты па выкананні перамір'я, і шмат іншых рабочых пытанняў па рэалізацыі бягучых дамоўленасцяў", — сказаў Пургін.

Сёння ў Вене праходзіць пасяджэнне пастаяннага савета АБСЕ з удзелам намесніка генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаннях Джэфры Фельтмана і памочніка генсакратара ААН Івана Сімановіча. Паводле звестак прэс-службы АБСЕ, удзельнікі сустрэчы абмяркоўваюць падзеі ва Украіне, у тым ліку — пяты даклад місіі ААН ва Украіне па маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў гэтай краіне.

Як адзначыў на пасяджэнні Грэмінгер, перамір'е ва Украіне галоўным чынам выконваецца. "У цэлым рэжым спынення агню захоўваецца, хоць ён усё яшчэ носіць кволы характар", — цытуе Грэмінгера ІТАР-ТАСС. "Наступныя некалькі дзён стануць вырашальнымі", — дадаў ён.

Паводле слоў Грэмінгера, цяпер ва Украіне знаходзяцца 250 назіральнікаў АБСЕ. Паводле іх інфармацыі, у апошнія дні былі адзначаныя некалькі выпадкаў парушэння рэжыму спынення агню.

Дамоўленасць аб спыненні агню, нагадаем, была дасягнута 5 верасня ў Мінску на пасяджэнні кантактнай групы па Украіне ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ — сепаратысты Данбаса. Як паведаміў у эфіры радыёстанцыі "Коммерсантъ ФМ" прэм'ер-міністр ДНР Аляксандр Захарчанка, на перамовах у Мінску удзельнікі кантактнай групы дамовіліся сабрацца праз 7-8 дзён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН