Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/08/725344_725345/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:35
08.09.2014 18:51 Палітыка

Юлія Цімашэнка: Мінскі пратакол надзвычай небяспечны для тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны

Мінск, 8 верасня. Падпісаны 5 верасня ў Мінску пратакол аб часовым перамір'і на ўсходзе Украіны надзвычай небяспечны для тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, заявіла 8 верасня былы прэм'ер-міністр, кандыдат у прэзідэнты на датэрміновых выбарах 2014 года Юлія Цімашэнка.

На яе думку, якую прыводзіць прэс-служба партыі Цімашэнкі "Бацькіўшчына", у дакуменце няма патрабавання вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Украіны. "А гэта дэ-факта азначае іх замацаванне на нашай тэрыторыі", — мяркуе яна. Акрамя таго, у пратаколе "прызнаны невядомыя фарміраванні — ЛНР, ДНР — як афіцыйны бок, які іх падпісаў". "Як вынік, хтосьці можа вырашыць, што Украіна прызнала, што яна вядзе грамадзянскую вайну", хаця, на думку Цімашэнкі, "ЛНР, ДНР не існуюць дэ-факта, існуе агрэсія Расійскай Федэрацыі, якая аб'явіла Украіне вайну".

Палітык заклікала прэзідэнта Пятра Парашэнку "зрабіць некалькі вельмі важных крокаў", у прыватнасці неадкладна склікаць пазачарговае пасяджэнне парламента, каб "дакладна, публічна, у адкрытым рэжыме патлумачыць краіне: што падпісана, з кім падпісана, што за гэтым пратаколам стаіць і які далейшы шлях на базе гэтых пратаколаў будзе выкарыстаны Украінай". "Усе сёння ў нашай краіне хочуць пераканацца, што за гэтым пратаколам не стаіць ператварэнне часткі Украіны ў Прыднястроўе, што за гэтымі пратаколамі не стаіць здача тэрыторыі Данбаса", — заявіла Цімашэнка.

Яна лічыць таксама неабходным "неадкладна памяняць вышэйшае кіраўніцтва Міністэрства абароны". "Калі трэба, мы прапануем моцныя, дастойныя, дзеяздольныя, эфектыўныя кандыдатуры", — падкрэсліла былы прэм'ер.

Яна пераканана, што Парашэнка павінен узяць на сябе ўсю паўнату адказнасці за кіраванне краінай падчас агрэсіі Расіі, "якая практычна ўсім светам прызнана вайной Пуціна супраць Украіны". Для гэтага трэба "стварыць стаўку галоўнакамандуючага і кіраваць краінай дастаткова цвёрдай рукой, з разуменнем тактыкі і стратэгіі".

"Мы ў гэтым гатовы дапамагчы прэзідэнту. Хаос на франтах і ў краіне трэба спыняць", — заявіла Цімашэнка.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН