Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/09/725605_725606/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:38
09.09.2014 20:11 Палітыка

МЗС Украіны: Падпісанне мінскага пратакола не азначае легітымізацыі ЛНР і ДНР

Мінск, 9 верасня. Падпісанне 5 верасня ў Мінску пратакола аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне не азначае легітымізацыі так званых Луганскай і Данецкій народных рэспублік, заявіў 9 верасня на брыфінгу ў Кіеве дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Яўген Перабійніс.

"Важным палітычным аспектам з'яўляецца тое, што названыя дамоўленасці дасягнутыя на прынцыпах павагі да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", — цытуе Перабійніса ўкраінскі рэсурс ЛІГАБізнесІнформ.

У пратаколе, заўважыў прадстаўнік МЗС, "не згадваюцца так званыя ЛНР і ДНР". "Грамадзяне Захарчанка і Платніцкі (прэм'ер-міністры самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі. — БелаПАН.) падпісалі пратакол без указання сваіх пазіцый, таму факт падпісання гэтага пратакола ніякім чынам не азначае легітымізацыю гэтых незаконных груповак", — падкрэсліў Перабійніс.

Ён таксама адзначыў, што Расія з'яўляецца бокам-падпісантам дасягнутых дамоўленасцяў, і гэта "ўскладае на яе прамую адказнасць" за іх выкананне. Падпісаны ў Мінску пратакол базуецца на палажэннях мірнага плана прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і ўлічвае ключавыя прыярытэты Украіны ва ўрэгуляванні крызісу ў Данбасе, заявіў Перабійніс.

"Першачарговай мэтай дасягнутых дамоўленасцяў з'яўляецца неадкладнае спыненне кровапраліцця і стварэнне ўмоў для ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе. Цяпер распрацоўваецца дарожная карта, якая будзе ўтрымліваць практычныя крокі па выкананні кожнага пункта пратакола", — сказаў прадстаўнік МЗС Украіны.

Паводле слоў Перабійніса, акрамя двухбаковага спынення агню і вызвалення заложнікаў як першачарговых крокаў, далейшая рэалізацыя дамоўленасцей будзе заключацца ў забеспячэнні эфектыўнага кантролю над украінска-расійскай мяжой, вывядзенні рэгулярных расійскіх войскаў, ваеннай тэхнікі і баявікоў з тэрыторыі Украіны, а таксама зняцці тэрарыстамі перашкодаў для доступу гуманітарных грузаў на часова падкантрольнай ім тэрыторыі.

Нагадаем, напярэдадні былы прэм'ер-міністр Украіны, кандыдат у прэзідэнты на датэрміновых выбарах 2014 года Юлія Цімашэнка заявіла, што падпісаны ў Мінску пратакол аб часовым перамір'і на ўсходзе Украіны надзвычай небяспечны для тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.

Яна, у прыватнасці, адзначыла, што ў дакуменце няма патрабавання вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Украіны. "А гэта дэ-факта азначае іх замацаванне на нашай тэрыторыі", — мяркуе Цімашэнка. Акрамя таго, у пратаколе "прызнаныя невядомыя фарміраванні — ЛНР, ДНР — як афіцыйны бок, які іх падпісаў". "Як вынік, хтосьці можа вырашыць, што Украіна прызнала, што яна вядзе грамадзянскую вайну", хаця, на думку Цімашэнкі, "ЛНР, ДНР не існуюць дэ-факта, існуе агрэсія Расійскай Федэрацыі, якая абвясціла Украіне вайну".

Нагадаем, пратакол аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне, які складаецца з 12 пунктаў, быў падпісаны 5 верасня ў Мінску на пасяджэнні кантактнай групы ў фармаце Расія — Украіна — АБСЕ — сепаратысты Данбаса. Паведамлялася, што ўдзельнікі перамоў дамовіліся сабрацца праз сем-восем дзён.
Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН