Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/10/725664/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:10
10.09.2014 09:33 Палітыка

Самаабвешчаныя ДНР і ЛНР прыгразілі аднавіць баявыя дзеянні "пры першым жа ўжыванні зброі з боку карных фарміраванняў Украіны"

Мінск, 10 верасня. Самаабвешчаныя данецкая і луганская "народныя рэспублікі" 9 верасня выступілі з сумеснай заявай, у якой прыгразілі "пры першым жа ўжыванні зброі з боку карных фарміраванняў Украіны" аднавіць вайсковую аперацыю "па вызваленні акупіраваных тэрыторый Данецкай і Луганскай народных рэспублік".

Пры гэтым падкрэсліваецца, што ДНР і ЛНР застаюцца "прыхільнымі ўзятым на сябе абавязацельствам аб спыненні ўжывання зброі", паведамляе інфармагенцтва сепаратыстаў "Новороссия".

У сумеснай заяве адзначаецца, што на перамовах у Мінску 5 верасня "рэспублікі" былі прадстаўленыя "вышэйшымі службовымі асобамі, упаўнаважанымі прымаць рашэнні і несці адказнасць за іх рэалізацыю на самым высокім узроўні".

"У той жа час бок Украіны прадстаўляў экс-прэзідэнт Украіны Л.Д. Кучма, не надзелены ніякімі ўладнымі паўнамоцтвамі, які не нясе ніякай адказнасці за прынятыя рашэнні", — гаворыцца ў дакуменце.

На думку сепаратыстаў, "гэты факт з'яўляецца сведчаннем таго, што бок Украіны ператварыў гэтыя перамовы ў фарс і пустую фармальнасць, тым самым зняўшы з сябе ўсякую адказнасць за парушэнне палажэнняў падпісанага "Пратакола па выніках кансультацый Трохбаковай кантактнай групы адносна сумесных крокаў, скіраваных на імплементацыю Мірнага плана прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і ініцыятыў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна", бо пад гэтым пратаколам няма подпісу ніводнай службовай асобы Украіны, надзеленай адпаведнымі паўнамоцтвамі".

"Перамовы аб спыненні ўжывання зброі патрэбныя Украіне з адной мэтай — правесці перадыслакацыю сваіх узброеных фарміраванняў, назапасіць сілы і сродкі для працягу карнай захопніцкай вайны. Сведчаннем таму з'яўляюцца заявы прадстаўніка СНБА Украіны А.Лысенкі, зробленыя ім у прамым эфіры 06.09.2014 г. і бесперапынныя абстрэлы з боку кіеўскіх карнікаў населеных пунктаў нашых рэспублік, у выніку якіх ёсць забітыя і раненыя, у тым ліку сярод мірных грамадзян", — падкрэсліваецца ў заяве.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН