Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/10/725707_725712/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:22
10.09.2014 11:52 Палітыка

Пётр Парашэнка: У мінскіх дамоўленасцях не ідзе гаворкі пра федэралізацыю ўкраінскіх земляў

Мінск, 10 верасня. У мінскіх дамоўленасцях не ідзе гаворкі пра федэралізацыю ці адчужэнне ўкраінскіх земляў, заявіў прэзідэнт Украіны на пашыраным пасяджэнні Кабінета міністраў 10 верасня. "Ні пра якую федэралізацыю, ні пра якое адчужэнне ў пратаколе гаворка не ідзе і ісці не можа", — падкрэсліў Пётр Парашэнка.

Ён таксама паведаміў, што на наступным тыдні ў Вярхоўную раду будзе ўнесены законапраект аб адмысловым статусе асобных раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей. Гэты дакумент, паводле слоў Парашэнкі, закліканы забяспечыць "мірнае вяртанне адпаведных тэрыторый пад украінскі суверэнітэт". "Я прасіў бы падтрымаць гэты законапраект. І прасіў бы, каб мы ні ў якім разе не сарвалі мірны працэс", — цытуе прэзідэнта агенцтва Интерфакс-Украина.

Пётр Парашэнка заўважыў, што "ніякія ЛНР і ДНР у мінскім пратаколе не згадваюцца". "Мы гаворым, што законапраект Украіны аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей прадугледжвае выразна статус гэтых рэгіёнаў у складзе Украіны", — падкрэсліў украінскі лідар.

Нагадаем, з аналагічнай заявай выступіў напярэдадні МЗС Украіны. Дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Яўген Перабійніс, у прыватнасці, заявіў, што падпісанне 5 верасня ў Мінску пратакола аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне не азначае легітымізацыі так званых Луганскай і Данецкай народных рэспублік. "Важным палітычным аспектам з'яўляецца тое, што ўказаныя дамоўленасці дасягнуты на прынцыпах павагі да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", — падкрэсліў прадстаўнік МЗС.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў пратаколе "не згадваюцца так званыя ЛНР і ДНР". "Грамадзяне Захарчанка і Плотніцкі (прэм'ер-міністры самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандр Захарчанка і Ігар Плотніцкі. — БелаПАН.) падпісалі пратакол без указання сваіх пазіцый, таму факт падпісання гэтага пратакола ніякім чынам не азначае легітымізацыю гэтых незаконных груповак", — сказаў Перабійніс.

Пратакол аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне, які складаецца з 12 пунктаў, быў падпісаны 5 верасня ў Мінску на пасяджэнні кантактнай групы ў фармаце Расія — Украіна — АБСЕ — сепаратысты Данбаса. Паведамлялася, што ўдзельнікі перамоў дамовіліся сабрацца праз сем-восем дзён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН