Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/13/726401_726402/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:37
13.09.2014 00:23 Палітыка

Чарговы раўнд перамоў кантактнай групы па Украіне можа прайсці на наступным тыдні

Мінск, 13 верасня. Чарговы раўнд перамоў кантактнай групы па Украіне можа прайсці на наступным тыдні, заявіў 12 верасня ў Кіеве адзін з яе ўдзельнікаў, экс-прэзідэнт краіны Леанід Кучма.

Паводле яго слоў, бакі прааналізуюць выкананне пратакола, падпісанага ў Мінску 5 верасня, і, магчыма, дамовяцца пра новыя крокі. "Мы павінны рабіць усё, каб тыя 12 пунктаў былі выкананыя. За кожным з гэтых пунктаў павінна стаяць вялікая праца і парламента, і ўрада, і, у прынцыпе, адміністрацыі прэзідэнта. Украіне, Кіеву трэба весці шырокі дыялог з Данбасам. Без дыялогу, без даверу мы не даб'емся таго, чаго мы хочам і чаго хоча прэзідэнт", — сказаў Кучма ў эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў.

Ён паведаміў, што ў Мінску размовы аб рэспубліках і федэралізацыі былі, але рашэнняў не было. "Калі вы ўбачыце, нават подпісы ад Данбаса — без прадстаўлення, хто яны такія. Ёсць два подпісы (пад пратаколам. — БелаПАН.)", — зазначыў палітык.

У эфіры ток-шоу "Шустэр live" Кучма выказаў меркаванне, што Данецкая і Луганская вобласці па-ранейшаму будуць у складзе Украіны. "Толькі з тымі паўнамоцтвамі, пра якія казалі і прэм'ер-міністр, і прэзідэнт. То бок, бярыце, хлопцы, столькі магчымасцяў для сваёй рэалізацыі, колькі зможаце. Толькі без усякіх размоў пра федэралізацыю там і г.д. ", — растлумачыў ён.

Паводле слоў Кучмы, самаабвешчаныя ДНР і ЛНР ужо не ставяць "у лоб" пытанне аб выхадзе. "Яны, напэўна, разумеюць: той стан эканомікі, тая разруха, якая сёння на Данбасе, не дазваляе ім, так бы мовіць, усур'ёз думаць пра тое, што яны могуць існаваць як нейкія незалежныя рэспублікі. Гэта проста абсурд. Трэба людзей пашкадаваць. Няхай думаюць пра людзей, тады ў іх не будзе такіх матэрый высокіх, што вось, давайце, мы дзяржаву сваю зробім. А потым паглядзяць на ўсё, што ў акрузе: Карабах, Паўднёвая Асеція, Абхазія, Прыднястроўе. што, рай зямны там? Так што захавай іх душу грэшную ад такіх неабдуманых учынкаў. Ужо паспрабавалі незалежнасці і ўбачылі, чым яна завершыцца для іх: тысячы загінулых і нічога больш", — сказаў экс-прэзідэнт.

Разам з тым ён зазначыў, што свае войскі не адводзяць "ні Украіна, ні ДНР, ні ЛНР, ні Расія". "Стабільнасць Украіны бачу толькі пры адной умове: калі мы возьмем пад кантроль мяжу. Калі будзе мяжа Украіны пад кантролем місіі АБСЕ, тады мы можам спадзявацца, што не будзе рухаў такіх: па адной дарозе Расія дзесяць танкаў вывела, а па другой — дваццаць завяла. Гэтак жа і людскія рэсурсы", — заявіў Кучма. Ён выказаў меркаванне, што з задачай кантролю мяжы лепш справіўся б міратворчы кантынгент ААН.

На пытанне, наколькі самастойныя прадстаўнікі ДНР і ЛНР на перамовах, Кучма адказаў: "Вы ведаеце, хто за імі стаіць".

Папярэдні раўнд перамоў кантактнай групы (Украіна — ЕС — Расія — сепаратысты Данбаса) прайшоў у Мінску 5 верасня. Бакі прынялі пратакол, галоўным пунктам якога было спыненне агню. Перамір'е ў асноўным выконваецца, ідзе таксама паступовы абмен палоннымі. Разам з тым праціўнікі абвінавачваюць адзін аднаго ў перагрупоўцы сіл і нарошчванні ваеннай прысутнасці на тэрыторыі, што прылягае да лініі супрацьстаяння. 12 верасня ЕС і ЗША ўвялі новыя санкцыі ў дачыненні да Расіі, якая абвінавачваецца ва ўзброеным умяшанні ва ўнутраныя справы Украіны.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН