Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/14/726511/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:36
14.09.2014 13:05 Палітыка, Грамадства

Макей пра расійска-ўкраінскі канфлікт: Беларусь не хоча нікога вінаваціць ці апраўдваць

Мінск, 14 верасня. У сітуацыі расійска-ўкраінскага канфлікту Беларусь не хоча нікога вінаваціць ці апраўдваць. Аб гэтым заявіў у інтэрв`ю паўднёваафрыканскай газеце Business Day (11 верасня) кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей. Тэкст размешчаны на сайце МЗС. "Мы хочам, каб гэты канфлікт скончыўся як мага хутчэй. Хочам, каб Украіна засталася стабільнай, незалежнай і адзінай дзяржавай", — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.

Пытанне было пастаўлена так: "Які пункт гледжання Беларусі, як вы думаеце, Расія справакавала гэты крызіс ці не Расія? Якая ваша пазіцыя? На чыім вы баку?"

"Ваша пытанне вельмі і вельмі цікавае, і ў той жа час на яго вельмі складана адказаць, — сказаў міністр. — Чаму? Таму што для Беларусі гэта вельмі адчувальнае пытанне, Расія з`яўляецца нашым самым бліжэйшым саюзнікам. Мы вельмі залежым ад Расіі эканамічна, мы атрымліваем з Расіі нафту, газ і г.д. Але Украіна з`яўляецца нашым другім буйным партнёрам у гандлёва-эканамічнай сферы на постсавецкай прасторы. Гэта наш найбліжэйшы сусед, наша агульная мяжа складае прыкладна 1100 км, і мы цесна звязаныя міжасобаснымі кантактамі. Шмат стагоддзяў мы жылі разам".

"Вось чаму мы нязменна імкнуліся зрабіць усё для таго, каб усе бакі, уцягнутыя ў гэты канфлікт, селі за стол перамоў, спынілі супрацьстаянне, — прадоўжыў Макей. — Мы не хочам мець ролю пасрэдніка. Думаю, што толькі вялікія дзяржавы ў стане выступаць у гэтай якасці. Але мы заўсёды былі гатовыя даць сваю тэрыторыю, нашу пляцоўку для ўсіх зацікаўленых бакоў, каб адбыўся дыялог, прайшлі перамовы — перамовы пра мір".

Так, паводле яго слоў, на шчасце, і саталася ў канцы жніўня, калі адбылася сустрэча трох прэзідэнтаў Мытнага саюза — Расіі, Беларусі і Казахстана — з удзелам прэзідэнта Украіны і прадстаўнікоў Еўрапейскага саюза.

"Павінен сказаць, што абмеркаванне было вельмі шчырым, адкрытым, але галоўным вынікам стала двухгадзінная сустрэча прэзідэнтаў Расіі і Украіны тэт-а-тэт. Я думаю, што гэта было пачаткам будучых мірных перамоў. У Мінску было праведзена некалькі раўндаў пасяджэнняў так званай кантактнай групы Расія — Украіна — АБСЕ. Былі разгледжаныя канкрэтныя пытанні. У выніку быў падпісаны пратакол аб спыненні агню ва Украіне. Але вы ведаеце, у гэтай сітуацыі кожны бок павінен быць вельмі шчырым, а не так, што за сталом гавораць адно, а затым, пакінуўшы стол перамоў, робяць зусім іншыя ўчынкі. Калі вы ўжо сказалі слова, то і дзейнічаць павінны ў адпаведнасці са сказаным. Гэта вельмі важна. Кожны бок павінен быць шчырым і кожны бок павінен імкнуцца да спынення гэтага канфлікту як мага хутчэй. Мы спадзяемся, што перамовы, якія праходзілі ў Беларусі, прывядуць да поспеху. Але гэта толькі першы крок, многае яшчэ трэба зрабіць для таго, каб урэгуляваць гэты канфлікт як мага хутчэй. Беларусь гатовая забяспечыць усю неабходную падтрымку і садзейнічанне ў мэтах урэгулявання гэтага канфлікту", — адзначыў кіраўнік МЗС Беларусі.

Адказваючы на пытанне наконт асцярог, якія адчувае Еўропа ў дачыненні да паводзін прэзідэнта Расіі, Макей сказаў: "Я гутарыў з маімі еўрапейскімі калегамі многіх краін. Я магу зразумець ход іх думак, але я лічу, што многія фарміруюць свой пункт гледжання, засноўваючыся на састарэлых клішэ, яшчэ часоў Савецкага Саюза".

"Сёння мае еўрапейскія калегі кажуць, што Расія спрабуе аднавіць Савецкі Саюз шляхам стварэння Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза. Я лічу, што гэта не мае нічога агульнага з рэальнасцю. Для нас Мытны саюз — гэта больш цесная інтэграцыя ў гандлёва-эканамічнай сферы. Ніхто з краін-членаў Мытнага саюза не адмовіцца ад суверэнітэту і незалежнасці", — заявіў Макей.

Але ён разумее ход думак еўрапейскіх калег, "таму што яны зыходзяць з гісторыі, у першую чаргу, калі казаць пра краіны Балтыі і Польшчы". "Яны баяцца, таму што думаюць, што Расія ўяўляе пагрозу іх інтарэсам. Мы не разважаем падобнымі катэгорыямі. Менавіта таму мы лічым, што вельмі важна весці прамыя перамовы паміж усімі бакамі, уцягнутымі ў гэты канфлікт: паміж Расіяй і Украінай, паміж Расіяй і Еўрапейскім саюзам, паміж Расіяй, Украінай і АБСЕ і гэтак далей", — заявіў кіраўнік МЗС Беларусі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН