Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/15/726597/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:34
15.09.2014 10:23 Грамадства

Працэдуру рэгістрацыі ў Беларусі прайшлі больш як 25 тысяч грамадзян Украіны

Мінск, 15 верасня. Падчас канфлікту ва Украіне больш як 25 тысяч грамадзян гэтай краіны прайшлі ўстаноўленую працэдуру рэгістрацыі ў Беларусі. Пра гэта ў эфіры праграмы "Контуры" тэлеканала ОНТ вечарам 14 верасня паведаміў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі беларускага МУС Аляксей Бягун.

Паводле яго інфармацыі, 10 тысяч грамадзян Украіны атрымалі дазвол на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Беларусі, частка з іх звярнуліся ў органы па даванне статусу бежанца.

"Усе нам казалі, што іх тут вельмі добра ўспрынялі. Гэта вельмі важна. Ніхто іх тут не выганяе, дах над галавой ёсць. І зараз усе спадзяюцца, што неяк гэта супакоіцца. А калі не паедуць дадому, то тут могуць працягваць сваё жыццё", — сказаў рэгіянальны прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі, Малдове і ва Украіне Олдрык Андрысек.

Паводле слоў прадстаўніка УВКБ ААН у Беларусі Жана Іва Бушардзі, падпісаны ў канцы жніўня ўказ прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб знаходжанні ў краіне грамадзян Украіны садзейнічаў інтэграцыі ўкраінцаў у беларускае грамадства. "Прыклады, якія мы бачылі на прадпрыемствах, і  зыходзячы з размоў з бежанцамі, практыка паказвае, што сістэма працуе", — зазначыў міжнародны функцыянер.

Паводле інфармацыі старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Пятра Савіцкага, органамі міграцыі ў рэгіёне зарэгістраваныя 7.100 грамадзян Украіны, у тым ліку больш як 3 тысячы з Данецкай і Луганскай абласцей. 253 сям'і ўжо атрымалі жыллё.

У Віцебскай вобласці зарэгістраваліся ўжо больш як дзве тысячы бежанцаў з паўднёвага ўсходу Украіны. 400 чалавек атрымалі спецыяльны дазвол на працу, прычым пагаджаюцца на любыя прапановы, паведамляе ОНТ.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН