Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/09/15/726746_726747/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:58
15.09.2014 18:58 Палітыка

Прэм'ер самаабвешчанай ДНР Захарчанка не бачыць сэнсу ў новай сустрэчы кантактнай групы па Украіне

Мінск, 15 верасня. Прэм'ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Аляксандр Захарчанка не бачыць сэнсу ў скліканні ў Мінску чарговага пасяджэння кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

"Кіеўскі бок не выконвае ўмовы перамір'я, дасягнутага на папярэдніх перамовах у Мінску. Абстрэлы гарадоў і нашых пазіцый працягваюцца. Які сэнс нам на гэтым тыдні зноў сустракацца і што мы там будзем абмяркоўваць? Спачатку трэба, каб перамір'е выконвалі", — цытуе лідара сепаратыстаў расійскі Интерфакс.

Паводле слоў Захарчанкі, нават калі кантактная група зноў збярэцца ў Мінску на гэтым тыдні, асабіста ён удзельнічаць у кансультацыях, хутчэй за ўсё, не будзе.

Пра тое, што на цяперашнім тыдні могуць прайсці чарговыя перамовы ў рамках кантактнай групы, паведаміў 12 верасня ў Кіеве адзін з яе ўдзельнікаў экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма. Паводле яго слоў, бакі прааналізуюць выкананне пратакола, падпісанага ў Мінску 5 верасня, і, магчыма, дамовяцца пра новыя крокі. "Мы павінны рабіць усё, каб тыя 12 пунктаў былі выкананыя. За кожным з гэтых пунктаў павінна стаяць велізарная праца і парламента, і ўрада, і, у прынцыпе, адміністрацыі прэзідэнта. Украіне, Кіеву трэба весці шырокі дыялог з Данбасам. Без дыялогу, без даверу мы не даможамся таго, чаго мы жадаем і чаго жадае прэзідэнт", — сказаў Кучма ў эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў.

На пасяджэнні кантактнай групы ў Мінску 5 верасня прадстаўнікі бакоў (Украіна — ЕС — Расія — сепаратысты Данбаса) падпісалі пратакол, галоўным пунктам якога было спыненне агню на ўсходзе Украіны. Тады ж была дасягнута дамоўленасць аб правядзенні чарговай сустрэчы праз 7—8 дзён.

11 верасня прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык заявіў на брыфінгу ў Мінску, што беларускі бок гатовы арганізаваць неабходныя ўмовы для перамоў кантактнай групы, але вызначаць дату іх правядзення павінны непасрэдна перамоўшчыкі. "Цяпер ад бакоў, прадстаўленых у кантактнай групе, да нас не паступала адпаведная інфармацыя", — дадаў ён.

У той жа дзень на брыфінгу ў Маскве афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Аляксандр Лукашэвіч заявіў: Масква разлічвае, што бакі збяруцца "ў найбліжэйшы час". Ён таксама паведаміў, што "досыць часта" бакі праводзяць відэаканферэнцыі ў гэтым фармаце.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН